Віктар Ганчарэнка: БАТЭ настройваецца на перамогу...


«На мой погляд, не будзе нейкага развіцця, калі ставіць задачу гуляць унічыю або разлічваць на непазбежную паразу. Таму зразумела, што будзем настройвацца на перамогу. Зразумела, узровень суперніка ўсе мы ўлічваем. Але ў любым выпадку трэба ісці наперад».

Пра гэта галоўны трэнер БАТЭ заявіў на прэсавай канферэнцыі напярэдадні матчу з «Барселонаю». Тым часам у рамках рыхтавання да матчу з БАТЭ «Барселона» адпраўляла сваіх прадстаўнікоў паглядзець гульні барысаўцаў у Лізе чэмпіёнаў, у тым ліку двубоі са «Штурмам». Паглядзець матчы беларускага чэмпіянату ў Іспаніі праблематычна. Пра гэта распавёў журналістам галоўны трэнер «Барселоны» Жузэп Гўард’ёла.

Ён адзначыў, што ў футболе вельмі важна назіраць за супернікам, вывучаць яго тактыку, гульцоў. Футбалісты БАТЭ цягавітыя, таксама каманда мае перавагу свайго поля і валодае нядрэнным досведам удзелу ў групавой стадыі еўракубкаў, адзначыў настаўнік іспанскай каманды, асабліва вылучыўшы абаронцу барысаўцаў Ягора Філіпенку.

«Я магу меркаваць па леташнім сезоне: калі мы пачалі гуляць з камандаю, якая не была шырока вядомаю, мы апынуліся ў складанай сітуацыі падчас гульні, бо дома яны гулялі вельмі добра, – распавядае паўабаронца «Барселоны» Хавіер Масчэрана. – Важна не недаацаніць суперніка і кожны раз падыходзіць да справы вельмі адказна ды сур’ёзна. Мы мусім настроіцца на гульню, тады атрымаем добры вынік. Было б няправільна недаацэньваць нашага суперніка».

Матч БАТЭ – «Барселона» пройдзе 28 верасня. Усе квіткі прададзеныя.

Увечары 27 верасня на менскім стадыёне «Дынама» адбылося перадматчавае трэнаванне футбалістаў «Барселоны», якім сёння трэба будзе выйсці на поле супраць барысаўскага БАТЭ ў рамках 2-а этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА.

Зорныя госці працягваюць пазбягаць сустрэчаў з заўзятарамі. З аэрапорту «Менск-2» каманду вывезлі, не даўшы фанатам магчымасці павітаць сваіх куміраў. Трэнаванне таксама праходзіла ў закрытым рэжыме.

belsat.eu

Стужка навінаў