"Магчыма, на вызваленне палітвязняў паўплывае Народны сход"


Свой 48-ы дзень нараджэння каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка сустракае ў магілёўскай калоніі. Напрыканцы жніўня ў яго закончылася траціна тэрміну, і ён меў права на змякчэнне пакарання, але яму ў гэтым адмовілі. Калі выпусцяць яго і апошніх палітвязняў, разважае ягоная жонка Вольга.

Яна бачыць тры прычыны таго, што апошнія палітвязні, у тым ліку экс-кандыдаты на прэзідэнцтва, дагэтуль не на свабодзе. Па-першае, гэта жывы тавар для гандлю з Захадам, па-другое, яны – пагроза Лукашэнку, па-трэцяе, іхнае зняволенне – асабістая помста кіраўніка Беларусі. Чаму на палітвязняў працягваецца ціск, хоць яны некалькі разоў адмаўляліся падпісаць прашэнне аб памілаванні? «Проста так Лукашэнка адпусціць не можа. Хоча адпусціць «прыгожа», з ягонага пункту гледжання, або хоць нейкую выгаду на гэтым атрымаць», – мяркуе Вольга Бандарэнка.

«Хваляванне ў грамадстве адчуваецца, і выпускаць лідараў, якія могуць павесці за сабою, – гэта небяспечна. І калі трэба выпускаць, бо ўвесь свет душыць, то будзе адна з умоваў, гэта каб яны з’ехалі за мяжу, а тут засталася кішэнная апазіцыя», – гаворыць жонка палітвязня.

Вольга Бандарэнка мяркуе, што да 8 верасня палітвязняў не вызваляць, бо ў гэты дзень мае прайсці Народны сход: «І магчыма, ад яго залежыць крыху. Улады паглядзяць, як ён пройдзе, наколькі змогуць арганізавацца без іх, колькі прыйдзе народу, ці гатовы ён да нейкіх дзеянняў».

Жанчына спадзяецца, што палітвязняў выпусцяць калі не ў кастрычніку, дык да канца года.

belsat.eu

Стужка навінаў