Зноў судзяць за Плошчу


У Менску аднавіўся судовы працэс над удзельнікам падзеяў 19 снежня Святаславам Барановічам.

Працэс пачаўся 29 жніўня і быў перанесены, бо на яго не прыйшлі пацярпелыя міліцыянты. У той жа дзень Баранавіч быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Барановічу прад’яўленае абвінавачванне па частцы 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, Баранавіч нарадзіўся ў 1986 г., шостае і самае малодшае дзіця ў сям’і. “На плошчу ён пайшоў самастойна, ніякіх актыўных дзеянняў там не здзяйсняў. Ён таксама не належыць да якіх-небудзь партыяў ці рухаў. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 г. Баранавічу і яго родным пачалі тэлефанаваць і казаць, што ён быў апазнаны на відэакадрах ў момант знаходжання на плошчы Незалежнасці. Барановіч сам з’явіўся ў следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама 15 чэрвеня, каб высветліць абставіны, там яго і затрымалі”, – паведаміла праваабаронца Наста Лойка.

Па версіі следства, паведаміла яна, падчас падзеяў на плошчы Незалежнасці 19 снежня Барановіч адабраў у супрацоўніка міліцыі дубінку і некалькі разоў стукнуў ёю па шчытах, якімі прыкрываліся сілавікі. Барановіч сваю віну адмаўляе.

belsat.eu

Стужка навінаў