Аляксандр Лукашэнка абвінавачаны ў катаваннях і захопе закладнікаў. Брытанскія юрысты распачынаюць пераслед кіраўніка Беларусі. А тым часам у самой Беларусі катаванні не спыняюцца.
Справа супраць Лукашэнкі падрыхтаваная ад імя людзей, якія пацярпелі ад рэжыму. Адмыслоўцы кажуць, што цяпер прэзідэнт Беларусі стаўся вязнем ва ўласнай краіне. Брытанскія юрысты спадзяюцца, што на Лукашэнку ў суд пададуць у шэрагу краінаў. Факты катаванняў супраць беларускіх грамадзянаў маюць месца і цяпер.
Экс-кандыдат на прэзідэнцтва, які на сабе спазнаў беларускую пенітацыярную сістэму, згаджаецца з неабходнасцю распачынання такой справы. “У Беларусі ёсць не толькі палітыкі, якія зніклі некалькі гадоў таму: мы размаўляем зараз і ня ведаем, дзе знаходзяцца Саннікаў і Статкевіч. Павінна быць юрыдычная ацэнка дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі”, – нагадвае ён.
Спадар Някляеў упэўнены, што рэпрэсіі будуць і надалей: “Уладам не патрэбны аніякі дыялог, бо гэта значыць пайсці на змену сістэмы. Гэтак будзе да той пары, пакуль камусьці там не шчоўкне, што нельга трымаць грамадства ўвесь час у такой напрузе, што нельга трымаць за кратамі невінаватых людзей. А мы ўжо нават не звяртаем на гэтае ўвагі – мы так прызвычаіліся да таго, што на плошчы могуць збіць каго заўгодна, сказаўшы, што “нельга тут хадзіць”.
З нагоды такой сітуацыі Уладзімір Някляеў як экс-кандыдат на прэзідэнцкую пасаду звярнуўся да беларусаў: “Трэба супрацьстаяць кожнаму несправядліваму кроку, адказваць на гэта двума крокамі, выкарыстоўваючы ўсе тыя магчымасці, што ў вас ёсць. У скрайнім выпадку рабіць тое, на што ішлі хлопцы, якія ні за што сядзелі ў турме, як Ліхавід, як зараз Дашкевіч. Заўсёды ёсць тэрыторыя нашай годнасці, нашага сумлення, і на яе мы не павінны гэтую свалату пускаць. Ніхто за нас гэтую маральную работу не зробіць. Можна будзе адбудаваць хутка эканоміку, але адбудаваць тое, што цягам усіх гэтых гадоў парушыў гэты рэжым маральна, будзе вельмі цяжка”.
belsat.eu