“Барселона” прыехала ў Менск


Сёння, 28 верасня, найлепшы футбольны клуб свету сустрэнецца з барысаўскім БАТЭ ў матчы 2-га туру групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Каардынатары «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» заклікаюць апоўначы, пасля сканчэння матчу, далучыцца да заўзятараў на Кастрычніцкай плошчы.

Сотні заўзятараў, якія чакалі гульцоў “Барселоны” ў аэрапорце “Менск”, пралічыліся. Футбалісты каталонскага клубу прайшлі праз запасны выхад і адразу паехалі ў гатэль “Crowne Plaza”. Там спартоўцаў таксама чакалі фанаты, але супернікі барысаўскага БАТЭ на вітанні не рэагавалі.

Улад: “Чакаем убачыць любімую каманду. І, вядома, жадаем поспеху БАТЭ, будзем заўзець за наш беларускі клуб, хоць і разумеем, што яму будзе цяжка”.

Яўген: “Прыйшоў паглядзець на зорак сусветнага футболу, а асобных куміраў у “Барселоне” ў мяне няма. Чакаю, вядома, перамогі БАТЭ, але, хутчэй за ўсё, лік будзе 3:1 або 3:0 на карысць”Барселоны”. Квіток пакуль набыць не атрымалася”.

“Дастаць білеты сапраўдным заўзятарам вельмі складана, – наракае Улад. – Нешта незразумелае з квіткамі: думаю, вялікая іх частка сыходзіць тым, каму футбол нават не цікавы. Чаму так адбываецца, не ведаю. Хай бы далі ў продаж, і на матч трапілі б тыя, каму гэта насамрэч цікава, хто хоча паглядзець на сваіх куміраў. На стадыёне была б атмасфера свята, а так шматлікія сапраўдныя заўзятары будуць глядзець матч праз тэлевізар, замест каб падтрымаць родную каманду”.

Заўзятары з Марока: “Мы прыехалі ў Менск на фестываль студэнцкіх тэатраў. Вось прыйшлі паглядзець на легендарную “Барселону”. Шчаслівыя ўпершыню ўбачыць улюбёную каманду. Думаем, “Барса”пераможа з лікам 3:0. БАТЭ, прабачце, але “Барселона” – вельмі моцная каманда”.

Раман: “Жадаем перамогі БАТЭ, а як атрымаецца… Нашыя памкненні – да таго, каб БАТЭ перамагло. Калі не цяпер, то ў перспектыве”.

Ігар: “Хацелася б перамогі БАТЭ, але будзем рэалістамі ды пагодзімся з нічыёй. Усяго добрага барысаўцам, чакаем ад іх добрай гульні!”

Хлопец з Судану: “Барса”, сардэчна вітаем у Менску! “Барса” – самая лепшая каманда ў свеце, і я спадзяюся, што яна заўтра пераможа. Удачы ім!

belsat.eu
https://youtu.be/49bFSyZAbVQ

Глядзі таксама
Каментары