“Патрабуем запэўніць поўную бяспеку і годнае абыходжанне палітвязню Андрэю Саннікаву…”


Прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў Магілёўшчыны звярнуліся да начальніка Магілёўскай турмы № 4 і ў кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў Магілёўскай вобласці.

У заяве, што падпісалі 18 чалавек, патрабуецца неадкладна паведаміць грамадскасці краіны, што экс-кандыдат на прэзідэнцтва, палітвязень Андрэй Саннікаў – у бяспецы. “Нам стала вядома, што існуе рэальная пагроза жыццю Андрэя Саннікава, яго катуюць, адмаўляюць у медычнай дапамозе. Таму мы вырашылі атрымаць адказ ад афіцыйных асобаў, якія зараз нясуць асабістую адказнасць за жыццё і здароўе палітвязня”, – паведаміла “Белсату” актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысціна Шацікава.

Паводле Крысціны Шацікавай, кіраўнік магілёўскага ізалятару № 4 палкоўнік Аляксандр Ламаза прыняў іх асабіста. З ягоных словаў у Андрэя Саннікава ўсё добра, скаргаў на здароўе няма, да яго маюць доступ адвакаты. Ён таксама пацвердзіў, што наступным этапам Андрэя Саннікава выправяць у Бабруйск. “Тым не менш, я настаяла, каб на наш зварот далі пісьмовы адказ, каб у выпадку, калі ўсе гэтыя заявы акажуцца хлуснёю, мы змаглі прыцягнуць гэтага чалавека да адказнасці”, – гаворыць Крысціна Шацікава.

У звароце актывісты пішуць, што вельмі занепакоеныя звесткамі пра тое, што жыццё палітвязня Андрэя Саннікава пад пагрозаю, што супраць яго ўжываюцца катаванні. Яны просяць у пісьмовай форме пацвердзіць, што адміністрацыя запэўніла вязню поўную бяспеку і годнае стаўленне.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму у справе 19 снежня. Палітык адбываў пакаранне ў Наваполацку, але, як паведамілі ягоным сваякам, 20 верасня палітыка этапавалі ў Бабруйскую калонію. Этап цягнецца ўжо другі тыдзень. Сваякі ды грамадскасць асцерагаюцца, што этап наўмысна зацягваецца і што зняволенага ў перасыльных турмах катуюць.

belsat.eu

Стужка навінаў