У гомельскім СІЗА галадаюць актывісты


Як паведаміў мясцовым праваабаронцам намеснік начальніка спецустановы, галадоўку трымаюць Кастусь Жукоўскі ды Зміцер Шаўчэнка. Дакладнай інфармацыі пра тое, ці галадае яшчэ адзін зняволены актывіст Андрусь Цянюта, пакуль няма, распавёў “Белсату” праваабаронца Леанід Судаленка.

Зміцер Шаўчэнка быў затрыманы 17 верасня, яму далі 15 дзён арышту за распаўсюд улётак пра маўклівыя пратэсты. Напрыканцы суда актывіст заявіў, што абвяшчае галадоўку. Андруся Цянюту затрымалі 20 верасня, калі ён раздаваў улёткі пра Народны сход. Яго асудзілі на 10 дзён зняволення. Кастуся Жукоўскага схапілі 21 верасня, звінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі ды асудзілі на 15 дзён адміністратыўнага арышту.

Падчас затрымання Кастусь Жукоўскі быў моцна збіты. Ужо ў следчым ізалятары высветлілася, што ў актывіста зламаная нага. У абласным шпіталі яму наклалі гіпс і зноў накіравалі адбываць пакаранне. “Цяпер мы шукаем адваката і збіраемся пісаць скаргу на імя старшыні абласнога суда. Будзем прасіць, каб у дачыненні Жукоўскага прыпынілі выкананне прысуду да моманту ягонага выздараўлення”, – гаворыць Леанід Судаленка.

Учора Кастусю Жукоўскаму перадалі мыліцы ў следчы ізалятар.

belsat.eu

Стужка навінаў