500 000 беларусаў – пад пагрозаю звальнення


Фота – 112.ua

Паўмільёна патэнцыйных дармаедаў. Гэта вынікае са словаў прадстаўніка Міністэрства эканомікі. Пры гэтым на рынку працы расце ажыятаж вакол прапановаў: кандыдаты змагаюцца нават за малапрэстыжныя вакансіі. Улады з неахвотаю, але ўсё ж такі прызнаюць праблему ды абяцаюць распрацаваць план дапамогі беспрацоўным. Пытанне толькі – які і калі?

20 тысячаў чалавек працуюць на прадпрыемствах, якія праходзяць працэдуру банкруцтва і яшчэ 470 тысяч – на прадпрыемствах, што перабываюць у складаным фінансавым стане. Агулам пад пагрозаю звальнення каля паўмільёна людзей, прызнала Міністэрства эканомікі.

Між тым, паводле афіцыйных падлікаў, на дзяржаўных біржах працы на адную вакансію цяпер прэтэндуюць чатыры чалавекі. Каб трапіць першымі ў кабінет да кансультанта ў працаўладкаванні, звольненыя рабочыя з шостай раніцы займаюць чаргу перад цэнтрам занятасці – за 2 гадзіны да яго адкрыцця.

Што праўда, нягледзячы на складаную сітуацыю, на заробкі, якія прапаноўваюць дзяржаўныя службы, гатовыя пайсці не ўсе.

Прыватныя кадравыя агенцтвы канстатуюць, што ў параўнанні з мінулым годам заробкі, якія працадаўцы прапаноўваюць, у рублях знізіліся прыблізна на 20 %.

Прапановаў працы становіцца ўсё менш, у той час як колькасць шукальнікаў павялічылася з мінулага года ў чатыры з паловаю раза. Снежны ком скарачэнняў выклікаў, нарэшце, і ўскоснае прызнанне гэтай праблемы ўладамі. Мінэканомікі заявіла, што распрацоўвае варыянты павелічэння дапамогі ў беспрацоўі, што праўда, канкрэтных тэрмінаў і лічбаў не назвалі. Незалежныя прафсаюзы заяўляюць, што гэтая захада наспела ўжо даўно, і дадаюць наступныя патрабаванні.

Што праўда, грошай у бюджэце, паводле прызнання Мінэканомікі, ужо цяпер стае толькі на 11 месяцаў з 12. Афіцыйныя прафсаюзы прапаноўваюць збіраць грошы на дапамогу беспрацоўным наўпрост з прадпрыемстваў і работнікаў – праз адлічэнні ў гэтак званы гарантыйны фонд. Рэакцыя ўладаў на прапанову пакуль не агучвалася.

Незалежныя прафсаюзы канстатуюць, павелічэнне дапамогі беспрацоўным – даўно наспелы крок, але самой праблемы з беспрацоўем не развязвае. Бо без рынкавых рэформаў, ад якіх улады адмаўляюцца, звольненыя людзі не змогуць знайсці сабе годную працу.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў