5 верасня суд вынесе рашэнне ў справе Антона Матолькі


«Вынік гэтай справы будзе сведчыць пра тое, ці можна ў Беларусі легальна красці фота ў абыход усіх міжнародных нормаў», – падсумаваў пад час судовых рэплікаў вядомы фатограф і блогер Антон Матолька.

Нагадаем, Антон Матолька падаў пазоў на «Белтэлерадыёкампанію» з-за таго, што тыя выкарысталі ягоныя фота ў эфіры без дазволу аўтара.

«Я не памятаю, каб калі-небудзь я адмаўляў у фатаграфіях. Я нават часам і ганарар за гэта не прашу. Трэба паважаць аўтара і ягоныя высілкі», – зазначыў падчас судовых спрэчак фатограф.

Антон Матолька звярнуў увагу на тое, што экспертыза, зробленая на хадайніцтва адказчыка, прызнала ягоныя фота паўночнага ззяння «якія не маюць мастацкай вартасці». Аднак факт, што здымкі ўзяў у эфір нацыянальны канал ужо само па сабе сведчыць пра адваротнае.

«Калі «БТ» лічыць, што павінна асвятляць гэту тэму, то чаму тады яны самі не выехалі на месца і не зрабілі фота і відэа?», – лічыць пазоўнік.

Ягоная адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна сярод аргументаў на карысць фатографа нагадала, што Беларусь належыць да Усясветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, а таксама падпісала Бэрнскую канвенцыю пра ахову літаратурных і мастацкіх твораў. На падставе міжнародных нормаў фота Антона Матолькі безумоўна з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права.

Яна лічыць, што пазоў яе кліента мае быць задаволены ў поўным аб’ёме: 1 недэменаваная капейка за маральную шкоду і 20 базавых велічыняў (Br 420) за парушэнне маёмасных правоў.

«У чым маральная шкода пазоўніка? У тым, што ён прыхільнік бел-чырвона-белага сцяга? А ў сюжэце ішло пра афіцыйны?» – аспрэчваў прадстаўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Андрэй Жылінскі.

Ён падкрэсліў, што сюжэт не быў камерцыйным і ў другім выпуску аўтары перадачы па сваёй добрай волі паставілі актыўную спасылку на сайт аўтара motolko.com, па якой можна было перайсці на крыніцу.

«Мы яшчэ вам рэкламу зрабілі, а маглі і не рабіць», – заўважыў Жылінскі.

Пракурор, якая не была на паседжаннях ад пачатку, а з’явілася толькі 1 верасня, падсумавала, што фота Антона Матолькі не з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права, таму ў пазове трэба адмовіць.

Учора сталі вядомыя вынікі экспертызы фота, якую рабіў кандыдат навук, дацэнт, загадчык кафедры аператарства Акадэміі мастацтваў Андрэй Чупрынскі. Паводле яго, здымкі паўночнага ззяння Антона Матолькі не маюць «мастацкай навізны і вартасці». Адпаведна фота – гэта не вынік мастацкай дзейнасці і адпаведна яны не аб’ект аўтарскага права – імі могуць карыстацца ўсе.

Аўтар фота адказаў, што такой экспертызай «шакаваная ўся супольнасць фотажурналістаў». Летась фатограф Матолька паехаў у Вязынку (з Менску на электрычцы можна даехаць за гадзіну) і зрабіў фота незвычайнай для Беларусі прыроднай зʼявы – паўночнага ззяння.

БТ па неасцярожнасці ці па звычцы паказала вынік працы Матолькі ў эфіры «Беларусь 1» без спасылкі на аўтара фотаздымкаў ды назваўшы сюжэт з працамі незалежнага фатографа: «Паўночнае ззянне ў колерах беларускага сцягу».

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары