5 гадоў з затопленым падвалам, бо сусед захацеў возера


Жыхарка Машталераў цягам пяці год змагаецца з патопам, сусед насупраць уладкоўвае возера, 70 гектараў калгаснага поля забалочваецца, уладам усё роўна.

Галіна Дзербіш вырасла ў вёсцы Машталеры, блізу Горадні. Яшчэ ў савецкі час недалёка ад яе бацькоўскай хаты мясцовыя працаўнікі калгаса спрабавалі здабываць торф, але пачалі біць з зямлі крыніцы і працы прыйшлося спыніць. У выкапаных ямах засталіся сажалкі, а каб вёску не затапіла, калгас выкапаў меліарятыўны канал, які ратаваў хаты і выводзіў ваду ў раку за вёскай. І стаялі б тыя хаты сабе спакойна, каб не новыя суседзі.

Яшчэ напрыканцы 2011-га ў Машталерах сям’я Кісель Т. І. набыла невялічкі ўчастак зямлі разам з непрацуючай сельскай крамай, якая знаходзілася акурат каля сажалак і рова. І ўсё б нічога, каб не вырашыў новы гаспадар выкапаць сабе ўласнае возера і закапаць роў.

«Роў» паміж суседзямі

«Разумееце, ён увогуле не меў права капаць тое возера. Ён атрымаў дазвол на нейкія там працы, але толькі ў межах свайго ўчастка. Там дзе зараз возера – гэта ўжо не яго зямля. Гэта кавалак калгаснага поля, якога мне яму абсалютна не шкада. Але роў навошта было чапаць?» – распавядае спадарыня Галіна.

Пасля закопкі меліяратыўнага канала, якія адводзіў ваду з сажалак, суседзяў насупраць пачало тапіць. У падвалах вады набіралася па калена. На скаргі жыхароў, Сямёнам Шапірай, які на той момант узначальваў Гарадзенскі аблвыканкам, было падпісана рашэнне выкапаць новы канал. Аднак новы роў рабочыя не дакапалі. І пакінулі 7 метраў да сажалак. Дакапаць роў спрабавалі самыя жыхары, аднак безвынікова. Вада не перастала заліваць склепы суседзяў. Чарговыя скаргі жыхароў Гарадзенскі райвыканкам пакінуў паза ўвагай, а самых жыхароў сам насам з нявырашанай праблемай.

Пампаванне – стыль жыцця

З пацярпелых суседзяў засталася толькі Галіна Дзербіш, бо цягам пару гадоў яе старэйшыя суседзі памерлі. А сама жанчына, абышоўшы ўсе магчымыя інстанцыі, не ведае куды больш звяртацца. Жыхарка Машталераў на працягу пяці гадоў двойчы ўдзень выпампоўвае ваду са свайго склепа, каб выратаваць бульбу.

Пад сталай пагрозай знаходзіцца таксама і электрычны матор у калодзежы, які праводзіць ваду ў хату. Калодзеж з электрычнай тэхнікай штодзень зацягвае вадой, якая дастае ажно да разеткі, што стварае сталую пагрозу аварыі. У санстанцыі, куды звярталася спадарыня Галіна, толькі разводзяць рукамі.

«Ездзіла ў санстанцыю – ніхто не стаў разбірацца. Сказалі, не нашая справа. На дзясяткі маіх лістоў у райвыканкам заўсёды прыходзіць адзін адказ за подпісам кіраўніка райвыканкаму Яна Васілеўскага, дзе гаворыцца: (цытую) «работы па навядзенні парадку на ўчастку Кісель Т. І. не ўплываюць на водны рэжым тэрыторыі і не з’яўляюцца прычынай падтаплення падвалаў у бліжэйшых дамах жыхароў вёскі». А што тады ўплывае? Ці я сама сабе ваду ў склеп наліваю?

У мяне палова бульбы пагніла. Добра, што хоць семянную ўдалося выратаваць. І яшчэ, што датычыцца ўплыву на водны рэжым: у дзвюх месцах рака змяніла русла. За гэта вялізныя штрафы даюць», – скардзіцца жанчына.

Што цікава, ад самавольства новых суседзяў пацярпела таксама калгаснае поле, якое пачало забалочвацца і парастаць кустоўем. Аднак, як вынікае са слоў спадарыні Галіны, гэта нікога не цікавіць.

«70 гектараў поля прападае. Гэта ж дзяржаўнае. Яны ж павінны клапаціцца пра дзяржаўнае. Неяк тут трактар гной птушыны развозіў, дык так заграз у балоце, што КАМАЗам даставалі. 70 гектараў прападае кату пад хвост, а іншаму простаму чалавеку адну сотку лішнюю пасадзіць не даюць», – кажа жанчына.

На думку Галіны Дзербыш, абыякавасць уладаў, можна вытлумачыць тым, што новая ўладальніца «дому з возерам» сама працуе ў Гарадзенскім райвыканкаме і мае адпаведныя сувязі, каб столькі часу замоўчваць праблему.

«Як кажуць, рука руку мые. Я ўжо не ведаю, што рабіць і куды звяртацца. Мы – простыя людзі, каму мы патрэбныя? Нікому… Адзіны, хто нас падтрымаў, – гэта Раман Садоўскі – намеснік дырэктара па меліярацыі ў Скідзелі. У даўнейшым артыкуле ў газеце «Перспектыва» ёсць яго каментар. Цытую: Па-першае, забруджаная труба пад дарогай, таму свой аб’ём працы яна выконвае толькі на 40 адсоткаў. Па-другое, знішчаны падводны канал да трубы, які здзяйсняў скід вод паблізу дарогі і будынку былой крамы. Для назапашанай вады ўсе шляхі перакрыты і яна шукае слабыя месцы. Выхад, на думку Рамана Садоўскага адзін – прачысціць трубу і зноў вырыць засыпаны канал. Дык вось, пасля гэтага артыкула газету «паставілі на месца», а Садоўскаму не падоўжылі кантракт на працу, фактычна звольнілі. Таму я проста не ведаю, што далей рабіць. », – дадае спадарыня Галіна.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў