Віктар Ганчарэнка: БАТЭ будзе шукаць шанец у контратаках


Матч з “Барселонаю” будзе карысным урокам, які дапаможа ў развіцці, заявіў галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка 27 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску напярэдадні матчу Лігі чэмпіёнаў УЕФА супраць іспанскай каманды.

“Мы ўжо дзесяць дзён працуем над тым, як абараняцца і атакаваць. Гэта моцна адцягвае ад чэмпіянату, але сам узровень суперніка падштурхоўвае да таго, каб больш рыхтавацца. Праводзім і тэарэтычныя, і практычныя заняткі, індывідуальныя гутаркі”, – адзначыў Ганчарэнка.

Паводле яго, трэба мець план “А” і план “Б”. “Калі здарыцца гэтак, што прапусцім, трэба мяняць тактыку, хоць з “Барселонаю” гэта вельмі складана. Але калі думаць пра складанасці – не будзе магчымасцяў”, – падкрэсліў трэнер БАТЭ.

Адказваючы на пытанне, ці ставіць БАТЭ задачу перамагаць, Ганчарэнка заявіў: “Узровень суперніка мы маем на ўвазе – але не будзе развіцця, калі ставіць задачу згуляць унічыю або прайграць з мінімальным лікам”.

Трэнер адзначыў, што “Барселона” “крыху горш гуляе на выездзе, а на “Кам Ноў” пачуваецца як рыба ў вадзе”. Ганчарэнка, паводле ягоных словаў, глядзеў усе апошнія матчы каталонцаў, а на іхную гульню з “Валенсіяй” (21 верасня, 2:2) выязджаў памочнік Аляксей Бага. Паводле Ганчарэнкі, “Барселона” мяняе тактыку, і гэта ўскладняе задачу, але БАТЭ будзе шукаць шанцу ў контратаках, як тое атрымалася ў “Валенсіі”.

“Больш інтарэсу, чым хвалявання, беручы да ўвагі ажыятаж і ўзровень суперніка, але і хваляванне таксама ёсць. Гэта нармальная сітуацыя”, – сказаў Ганчарэнка.

Трэнер БАТЭ адзначыў, што ў сувязі з пераходамі ды траўмамі гульцоў ягоная каманда “можа, менш згуляная”, але запасу трываласці дастаткова.

Абаронца БАТЭ Ягор Філіпенка пажартаваў, што з “Барселонаю” наагул нельга гуляць у футбол. “У адкрыты футбол сапраўды гуляць нельга, – працягнуў футбаліст. – Да апошняга спадзяемся, што Мэсі не прыедзе. Адмыслова супраць яго гуляць не будзем – агулам будуць камандныя дзеянні”.

“Эмацыйны фон вельмі добры: можа, адзін раз у жыцці супраць “Барселоны” гуляем. Ужо размеркавалі, з кім майкамі мяняцца будзем”, – зноў пажартаваў Філіпенка.

Матч другога туру групавога этапу Лігі чэмпіёнаў БАТЭ – “Барселона” адбудзецца 28 верасня на менскім стадыёне “Дынама”. Пачатак а 21.45.

belsat.eu
https://youtu.be/C67TkMAzogg

Глядзі таксама
Каментары