Маўклівая акцыя пратэсту і свята футболу: ці варта сумяшчаць?


Шмат якія жыхары Менску, нават тыя, што пазітыўна ставяцца да ідэі маўклівых пратэстаў, сумняваюцца, што варта спалучаць футбольнае свята з палітычнаю акцыяй.

Прыхільнікі “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку” заклікаюць менчукоў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў сераду апоўначы, адразу ж пасля матчу БАТЭ – “Барселона”. Гэтак арганізатары мяркуюць прыцягнуць да акцыі больш людзей. Журналісты тэлеканалу “Белсат” запыталі ў жыхароў сталіцы, як тыя ставяцца да такой ініцыятывы.

“Мне здаецца, сэнсу няма з футболам нешта звязваць. Людзі ведаюць, што такое клуб “Барселоны” – найвядомейшы клуб свету, і ўсе будуць толькі пра гэта думаць. Змешваць няма сэнсу”, – падкрэсліў адзін з апытаных.

Менчукоў таксама непакоіць пытанне бяспекі падчас падобных акцыяў – раней удзельнікаў маўклівых пратэстаў збівалі ды арыштоўвалі міліцыянты ў цывільным. “У маёй сяброўкі сумны досвед, і я думаю – ці варта яно таго? Бо досвед вельмі сумны атрымаўся – з траўмамі. Калі б яшчэ без пашкоджанняў, можа, калі б неяк па-іншаму адбывалася, – тады так”, – адказвае адна з рэспандэнтак.

Удзельнікі апытання таксама падкрэсліваюць, што ранейшыя акцыі так і не прывялі да пазітыўных зменаў, таму, на іхную думку, арганізатарам варта падумаць пра іншыя формы дзеяння. “Людзі штосьці спрабуюць рабіць – малайцы, але ўвогуле я не надта добра да гэтага стаўлюся, бо лічу, што гэта мала што дасць. Варта яшчэ нейкіх шляхоў пашукаць”, – падкрэсліў адзін з апытаных.

belsat.eu

Стужка навінаў