Андрэю Пачобуту забаранілі паездкі за мяжу


Журналіст стаў на ўлік у міліцыі. У крымінальна-выканаўчай інспекцыі яму паведамілі, што ў адносінах да яго ўводзіцца шэраг абмежаванняў.

Тры разы на месяц Андрэй Пачобут мусіць адзначацца ў інспекцыі, яму забаронена мяняць месца жыхарства без дазволу МУС, а таксама выязджаць за межы краіны. У выпадку трох парушэнняў умоўнае зняволенне могуць замяніць на рэальнае.

«Нечага падобнага я чакаў, таму адразу пасля ўступлення выраку ў законную сілу і паехаў у Польшчу. Любяць мяне і мясцовыя, і немясцовыя спецслужбы, вось і робяць дробныя паскудствы», – пракаментаваў «Белсату» ўвядзенне абмежаванняў Андрэй Пачобут.

Ён гаворыць, што яму як журналісту замежнага выдання пазбаўленне магчымасці наведваць Польшчу па працоўных справах, вядома, ускладніць жыццё. Але значна горш было б, калі б забаранілі перасоўвацца па краіне.

Андрэй Пачобут звяртае ўвагу на тое, што ў прысудзе забарона пакідаць Беларусь не прапісаная, няма яе і ў Крымінальным кодэксе, аднак марнаваць час на аспрэчванне ўведзенай нормы ён не збіраецца: «Я цудоўна разумею, які будзе вынік, лепш сканцэнтруюся на абскарджанні самой справы – у бліжэйшы час будзе падрыхтаваная скарга ў Вярхоўны суд». Журналіст збіраецца звярнуцца ў Камітэт правоў чалавека ААН пасля таго, як пройдзе ўсе беларускія судовыя інстанцыі.

Гарадзенскі журналіст, карэспандэнт польскага выдання «Gazeta Wyborcza» Андрэй Пачобут, быў асуджаны сёлета 5 чэрвеня на тры гады зняволення з адтэрмінаваннем на два гады. Яго абвінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта. 20 верасня абласны суд Горадні адхіліў касацыйную скаргу журналіста на вырак.

belsat.eu

Стужка навінаў