Магілёўскі СІЗА: Саннікаў у нас


Экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў сапраўды ўтрымліваецца ў следчым ізалятары № 4 Магілёва, пацвердзіла адміністрацыя ўстановы.

Сёння, 26 верасня, магілёўскі СІЗА наведалі мясцовыя дэмакратычныя актывісты грамадзянскіх кампаніяў «Наш дом» і «Еўрапейская Беларусь» Крысціна Шацікава і Томас Якавіцкі.

Паводле дзяжурнага СІЗА, Саннікаў – «транзітны перасыльны», таму яму забароненыя якія-небудзь перадачы. Таксама прадстаўнік СІЗА паведаміў, што сустрэчаў з адвакатам у транзітных перасыльных не бывае, «бо іхныя справы запячатаныя і не ўскрываюцца».

Паводле дзяжурнага, стан здароўя Саннікава «нармальны», бо зняволеных не пераводзяць, калі ім патрабуецца якая-небудзь медычная дапамога. У СІЗА не кажуць, колькі Саннікаў будзе заставацца ў Магілёве і куды яго затым перавядуць.

Як паведамлялася раней, 21 верасня жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп атрымала тэлеграму ад начальніка Наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне яе муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску. Аб прычынах пераводу зняволенага нічога не гаварылася.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдата прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў