«Гатэль-бурбалка» з'явіўся пад Парыжам


Для тых, хто хоча ўцячы ад агнёў вялікага гораду і заснуць пад святлом зорак, гатэль «Bubble» французскага дызайнера П’ера-Стэфана Дзюма ў прыгарадзе Парыжу мае ўнікальную прапанову.

За 189 еўраў на дзень (плюс харчаванне, шампанскае і камерная музыка) госці атрымліваюць бескаркасную канструкцыю, у якой апрача ўсіх выгодаў пяцізоркавага нумару ёсць магчымасць глядзець на начное неба.

Нумары-бурбалкі, запоўненыя паветрам, адмыслова змешчаныя ў наваколлі з прыгожымі краявідамі. Дзякуючы празрыстаму купалу, за начным небам можна назіраць, не выходзячы з «пакою».
.
Стваральнік празрыстых нумароў перакананы, што яны даюць рэдкі шанец злучыцца з прыродаю ва ўмовах ўсё больш апантанага сучаснага свету. Ён заўважае, што цягам апошніх чатырох–пяці гадоў насельніцтва Зямлі зрабілася пераважна гарадскім. А правесці ноч пад зоркамі – гэта не толькі выдатныя ўражанні, але і экалагічны падыход.

Адна з «бурбалак» размешчаная побач з замкам Мальмэзон, дзе жыла жонка Напалеона Жазэфіна. Канструкцыя не мае рамы і трымае форму дзякуючы паветру, якое запампоўваюць усярэдзіну. Гэта таксама дапамагае пазбегчы назапашвання вільгаці і кандэнсату.

Госці парку зачараваныя вынаходніцтвам: «Гэта як краіна сноў у парку, гэта нібы НЛА», – гаворыць Карын Масэ, якая вырашыла адсвяткаваць з мужам гадавіну вяселля ў новым гатэлі.

«Бурбалкі» Дзюма прыцягваюць апошнім часам шмат увагі. Некалькі кампаніяў ужо звярнуліся да яго з просьбаю стварыць празрыстыя памяшканні для правядзення карпаратыўных імпрэзаў.

belsat.eu

Стужка навінаў