Таццяна Равяка: Суд над Алесем Бяляцкім можа быць закрытым


Праваабаронца Алесь Бяляцкі ды ягоныя адвакаты пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. “Мы мяркуем, што на гэта Алесю Бяляцкаму дадуць ад дзесяці дзён да двух тыдняў. Потым справа паступіць у пракуратуру, а адтуль – у суд. Таму недзе ў сярэдзіне кастрычніка можа распачацца працэс”, – паведаміла “Белсату” прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Равяка.

Праваабаронцы непакояцца, што судовы працэс над Алесем Бяляцкім можа праходзіць у закрытым рэжыме. Як патлумачыла Таццяна Равяка, згодна з заканадаўствам, справы, датычныя таямніцы банкаўскага ўкладу, могуць ісці за зачыненымі дзвярыма, – і яна мяркуе, што ўлады найхутчэй з гэтага скарыстаюцца.

Таццяна Равяка гаворыць, што гледзячы з лістоў з следчага ізалятару, Алесь Бяляцкі трымаецца больш-менш нармалёва і спакойна рэагуе на тое, што адбываецца вакол яго: “Алесь ведаў, што супраць яго распачатая справа, і быў маральна гатовы, што ўсё можа скончыцца вось такім чынам”.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў затрыманы сёлета 4 жніўня. Праваабаронцу вінавацяць “ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры”. Падставаю для крымінальнай справы сталі звесткі, што перадалі ўладам Беларусі літоўскія банкі. Алесю Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зняволення. Праваабаронцы мяркуюць, што справа палітычна матываваная.

belsat.eu

Стужка навінаў