Радослаў Сікорскі: Палітвязні маюць быць рэабілітаваныя


Еўразвяз будзе прынцыповы – і мае намер настойваць на поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных Беларусі да пачатку любых перамоваў з афіцыйным Менскам. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі 26 верасня на сустрэчы з журналістамі ў Варшаве. Паводле яго, на саміце “Усходняга партнёрства” (ён мае адбыцца 29–30 верасня ў Варшаве) Беларусь стане выключэннем. “Ёй як бы далі адмысловы статус”, – патлумачыў Сікорскі.

Кіраўнік польскага МЗС нагадаў, што санкцыі адносна Беларусі Еўразвяз увёў з-за сітуацыі ў краіне – сярод іншага, з прычыны падзеяў, што адбыліся 19 снежня 2010 г. (жорсткі разгон апазіцыйнай дэманстрацыі на плошчы Незалежнасці ў Менску, масавыя арышты і крымінальны пераслед лідараў і актывістаў апазіцыі).

У сваю чаргу намеснік кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Польшчы Ежы Памяноўскі падкрэсліў: “Еўразвяз не праводзіць таемных перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам”. Паводле яго, візіт міністра замежных справаў Балгарыі Нікалая Младэнава – “ягоная асабістая ініцыятыва, аб прычынах якой лепш запытаць у яго самога”. “Пра вынікі ягонага візіту мы пазней чыталі ў прэсе, як і пра абяцанні, што яму даў Лукашэнка”, – дадаў Памяноўскі.

Ён нагадаў, што, паводле наяўнай інфармацыі, на сустрэчы з Младэнавым Лукашэнка паабяцаў правесці круглы стол з апазіцыяй. “Але нічога гэтага няма, а Лукашэнка пачаў гаварыць, што хоча правесці круглы стол не з апазіцыяй, якая, паводле ягоных словаў, нічога з сябе не ўяўляе, а з грамадзянскаю супольнасцю. Але мы ўжо чулі штосьці падобнае – напрыклад, у часы польскай “Салідарнасці”, – адзначыў намеснік міністра.

belsat.eu

Стужка навінаў