Саудаўская Аравія: жанчынам дазволілі галасаваць. У 2015 годзе


Кароль Саудаўскай Аравіі абвесціў, што жанчыны гэтай краіны атрымаюць права голасу і права балатавацца на выбарах. Аднак, паводле распараджэння манарха, змены не закрануць наступныя выбары, што маюць адбыцца праз тыдзень, а толькі тыя, што запланаваныя на 2015 г.

Але эксперты называюць гэтае рашэнне смелым зрухам для ультракансерватыўнай манархіі ды звязваюць яго з падзеямі “арабскай вясны”. Рашэнне даць жанчынам права голасу вітаюць лібералы і прыхільнікі дэмакратычных зменаў у Саудаўскай Аравіі.

“Гэта гістарычнае рашэнне, асабліва для саудаўскіх жанчын. Паводле гэтага рашэння ўпершыню ў саудаўскай гісторыі жанчына атрымае магчымасць браць удзел у палітычным працэсе. У нас гавораць: чалавек жыве не толькі хлебам, але і свабодаю. Гэта вельмі важна для чалавека – жыць у роўнасці”, – кажа Фаўзія Абу Халід, кандыдатка палітычных і сацыялагічных навук Універсітэту караля Сауда.

Кароль Саудаўскай Аравіі Абдала ібн Адб аль-Азіз Аль Су’уд прыйшоў да ўлады шэсць гадоў таму – чакалася, што новы кіраўнік павядзе краіну шляхам рэформаў, аднак манарх аказаўся кансерватарам. У Саудаўскай Аравіі жанчыны па-ранейшаму не маюць права вадзіць аўтамабіль і мусяць атрымаць дазвол у сваяка мужчынскага полу, каб працаваць або выязджаць за межы краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў