Дзе Саннікаў?


Месцазнаходжанне Андрэя Саннікава, кандыдата на прэзідэнта Беларусі на выбарах 2010 г., дагэтуль невядомае.

21 верасня жонка Саннікава, журналістка Ірына Халіп, атрымала тэлеграму ад начальніка Наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне ейны муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйску. Аб прычынах пераводу зняволенага нічога не гаварылася.

23 верасня Халіп наведала Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў, дзе ёй паведамілі: Саннікаў “у дарозе” і мае быць дастаўлены ў Бабруйскую калонію ў суботу, 24 верасня. Як стала вядома журналістцы, этап з Наваполацку ў калонію № 2 Бабруйску сапраўды прыбыў 24 верасня, аднак Саннікава сярод зняволеных няма – пра гэта ёй паведамілі адвакаты экс-кандыдата, якія, у сваю чаргу, атрымалі інфармацыю з Бабруйскай калоніі. “Ён знік, і дзе ён цяпер, не ведае ніхто”, – гаворыць Ірына Халіп.

Цяпер яна накіроўваецца ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб высветліць месцазнаходжанне мужа. “Я спадзяюся, што мне там нешта адкажуць”, – сказала Ірына. “Знікненне Саннікава напярэдадні адкрыцця саміту “Усходняга партнёрства” я лічу здзекам з усіх”, – падкрэсліла журналістка.

Раней Халіп выказвала меркаванне, што Саннікава перавялі, каб “лішні раз паздзекавацца і паглуміцца” з яго. “Бо самае цяжкае – гэта этап, вагоны, дзе няма прыбіральні, каранцін у новай калоніі, усё з нуля”, – гаварыла Ірына.

Беларускія праваабаронцы асудзілі дзеянні ўладаў у дачыненні Андрэя Саннікава і лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча, якога таксама на мінулым тыдні перавялі з адной калоніі ў іншую.

“Працэс перавозу зняволеных выклікае ў іх фізічныя і псіхалагічныя пакуты, таму беспадстаўнае ажыццяўленне такіх дзеянняў расцэньваецца намі як катаванне, – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў. – Да таго ж падчас этапавання забаронена перадаваць ім рэчы і ежу, што на тле змянення тэмпературнага рэжыму выклікае занепакоенасць здароўем зняволеных. У гэты перыяд таксама блакуецца права на абарону і сустрэчу з адвакатам. Адсутнасць інфармацыі пра іхнае месцазнаходжанне расцэньваецца як бесчалавечнае абыходжанне як з самімі зняволенымі, так і з іхнымі роднымі”.

belsat.eu

Стужка навінаў