Беларускі бізнес уцякае за мяжу


Айчынныя бізнесоўцы не маюць праблемаў з развіццём – яны ледзьве выжываюць. Паводле незалежных экспертаў, з Беларусі актыўна сплывае капітал.

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, беларускія прадпрымальнікі пераводзяць бізнес перадусім у Расею і Украіну, але з уваходам у Мытны звяз павялічылася і цікаўнасць да Казахстану з яго нізкімі падаткамі.

«Маштабу ўцёкаў бізнесу не можа назваць нават Белстат, бо такой статыстыкі не вядзецца. Але калі казаць пра маштабы адцёку капіталу, то гэта можа дасягнуць каля мільярда долараў за год. Увогуле практычна ўвесь беларускі прыватны бізнес мае «запасныя аэрадромы» за мяжою. Вядома, што гэта будзе мець вельмі цяжкія наступствы для краіны, бо гэтыя прадпрыемствы плацяць падаткі ў казну іншых краінаў. А сюды прыйдуць прадпрымальнікі, якія не будуць ставіць мэтаю інвеставанне ў Беларусь, – яны будуць манетызаваць працоўныя рэсурсы, нерухомасць, і мы ператворымся ў Малдову № 2», – упэўнены Аляксандр Сінкевіч.

Гэтыя праблемы відочныя для ўсіх – у адрозненне ад спосабаў іх развязання. Паводле дырэктара інвестыцыйнай кампаніі Міхаіла Бараздзіна, першым крокам мусіць стаць лібералізацыя ўмоваў вядзення бізнесу. На паперы яе правялі яшчэ летась – дырэктываю № 4, якую, што праўда, не так і не ўвялі ў жыццё. Падатковы цяжар застаецца адным з самых высокіх, індывідуальныя прадпрымальнікі дагэтуль не маюць права браць на працу наёмных працаўнікоў.

«Дзяржава не робіць такіх значных крокаў для таго, каб спыніць адцёк бізнесу з Беларусі. Складаецца такое ўражанне, што дзяржава наадварот падштурхоўвае гэты працэс. Усе задэклараваныя захады лібералізацыі бізнесу так і застаюцца на паперы. Можа, у далёкай перспектыве яны і прынясуць нейкі пазітыўны эфект, але клопат у тым, што гэта мусіць быць зроблена сёння, нават не – гэта мусіла быць зроблена яшчэ ўчора», – заявіў Міхаіл Бараздзін.

belsat.eu

Стужка навінаў