У маршы адмовілі, але ён не забаронены


Гэта вынікае з афіцыйнага адказу Берасцейскага гарвыканкаму, які атрымаў заяўнік маршу супраць гвалтоўных знікненняў, мясцовы праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго, у адказе даецца спасылка на пункты рашэння «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Берасці», у якіх гаворыцца: калі масавыя акцыі адбываюцца без удзелу органаў дзяржаўнай улады і кіравання, арганізатары павінны прыкласці да заявы дамовы з органамі ўнутраных справаў, з установай аховы здароўя і з камунальным прадпрыемствам.

«Як паказвае практыка, прадстаўнікі гарвыканкаму ў судзе ў якасці тлумачэння тэрміну «адмоўлена» кажуць, што гэта не ёсць забарона мерапрыемства. А паколькі закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» прадпісвае кіраўніку выканаўчага органу або дазволіць, або забараніць правядзенне масавага мерапрыемства, атрыманы адказ не ёсць адказам па сутнасці. Такога тэрміну, як «адмовіць», гэты закон не ўтрымлівае», – адзначыў Кісляк.

Ён мае намер абскардзіць адказ гарвыканкаму ў Берасцейскі аблвыканкам і абласному пракурору.

Марш супраць гвалтоўных знікненняў заяўлены на 30 верасня. Акцыю плануецца правесці з 17:00 да 18:00 на пешаходнай частцы бульвару Касманаўтаў дзеля прыцягнення ўвагі грамадскасці да фактаў гвалтоўных знікненняў ды іншых парушэнняў права на свабоду і асабістую недатыкальнасць падчас затрыманняў у Берасці.

belsat.eu

Стужка навінаў