Алесю Бяляцкаму – 49!


Свой 49-ы Дзень народзінаў вядомы праваабаронца, намінант на нобелеўскую прэмію міру, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) адзначыць за кратамі.

Калегі ды сябры Алеся віншуюць яго са святам і жадаюць хутчэйшага вызвалення.

Алена Танкачова, праваабаронца: “Дарагі Алесь, мы ўсе памятаем і думаем пра цябе. Сказаць хачу толькі адное: ты ўвесь час скардзіўся на недахоп часу, што не маеш калі сесці ды напісаць свае ўспаміны, звязаныя з праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі. Я жадаю табе выкарыстаць гэты час пад вартаю, каб апісаць усё тое, што неабходна ведаць наступным, тым, хто прыйдзе ў праваабарончую дзейнасць”.

Таццяна Равяка, калега Алеся: “Дарагі Алесь Віктаравіч, ваш Дзень народзінаў мы заўсёды адзначалі разам. Гэта вашае і нашае свята, мы за вас вельмі перажываем, вельмі любім і вельмі чакаем вашага вызвалення. Хацелася б, каб вы захавалі сваё здароўе ў гэтых няпростых умовах, хацелася б, каб бераглі сябе, каб вы напісалі тое, на што ў паўсядзённым працоўным жыцці не стае часу. А ваш Дзень народзінаў мы абавязкова адзначым гэтак весела і густоўна, як заўсёды рабілі. Мы чакаем вас, і ўсе святы, неадзначаныя ў гэтым цяжкім годзе, адзначым разам. Чакаем вас на волі!”

Барыс Звозскаў, праваабаронца: “На жаль, дні народзінаў у нас вельмі зрэдку атрымліваецца разам адзначыць. За ўсе гэтыя гады хіба толькі два разы мы іх адзначылі. Звычайна на Дзень народзінаў жадаюць шчасця, здароўя, упэўненасці ў сваіх сілах – гэта ўсё правільна і ўсяго гэтага ў Алеся пакуль хапае. Хачу пажадаць, каб ягоныя блізкія, ягоная сям’я трымаліся ўпэўнена, ведалі, што яны не забытыя, што яны не адныя, што Алесь не злачынца. Каб гэтая ўпэўненасць перадавалася Алесю, а ягоная перадавалася ім. Гэта, напэўна, цяпер самае галоўнае”.

Алеся Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня ў Менску. 12 жніўня праваабаронцу абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры, яму пагражае да 7 гадоў турмы.

Павіншаваць Алеся можна, напісаўшы на адрас:
220050 г. Мінск, вул. Валадарскага 2, СІЗА № 1. Бяляцкаму Алесю Віктаравічу

belsat.eu

Стужка навінаў