Леанід Заіка: Ідзе раздзярбаньванне Беларусі


Аляксандр Лукашэнка прапанаваў “Газпрому” набыць акцыі цікавых для іх беларускіх прадпрыемстваў.

Прэзідэнт Беларусі зазначыў Аляксею Мілеру, што супрацу паміж Беларуссю і “Газпромам” неабходна пашыраць. І заявіў, што ён гатовы прапанаваць расейскай кампаніі акрамя “Белтрансгазу” акцыі іншых беларускіх прадпрыемстваў. “Праектаў дастаткова для абмеркавання: там, дзе можа газ быць сыравінаю для вытворчасці таварнай прадукцыі, і не абавязкова заснаванай на прыродным газе”, – заявіў прэзідэнт кіраўніку “Газпрому” Аляксею Мілеру.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія”, незалежны эканаміст Леанід Заіка гаворыць, што 90 % набытага беларусамі расейскага газу ідзе на вытворчасць электраэнергіі, таму “Газпром” у першую чаргу можа зацікавіцца аб’ектамі энергетычнай, дарожнай і транспартнай інфраструктуры. “Але расейцы “усяжэрныя”, а ў нас ёсць 70 стратэгічна важных прадпрыемстваў, таму Мілер і сюды можа прыкласці рукі”, – не выключае эканаміст.

Леанід Заіка гаворыць, што “поле для манеўраў” у Беларусі шырокае: 80 % уласнасці належыць дзяржаве. На меркаванне эканаміста, яе прыватызуюць расейскія алігархі ды беларускія чыноўнікі. Насельніцтву і мясцовым бізнесоўцам зараз не да гэтага, бо іхныя прыбыткі з прычыны крызісу значна скараціліся. Напрыклад, сукупны нацыянальны капітал беларускага бізнесу, паводле Леаніда Заікі, зменшыўся ўтрая. “Зараз ідзе раздзярбаньванне Беларусі, вось па чым трэба плакаць, крычаць ці пляскаць у ладкі. Тут ужо хто што ўмее”, – зазначыў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў