Купляць валюту ў Вільні выгадней, чым у Беларусі


У Літве долар прадаецца за 7350–7500 беларускіх рублёў. Такі курс у мясцовых банках, чые абменнікі размяшчаюцца каля вакзалу. “Medicinos Bankas” і “Citadele” змяняюць лічбы абмену ледзь не кожную гадзіну, але ўсё адно курс продажу долару застаецца больш выгадным для пакупнікоў, чым у Беларусі. Тая ж сітуацыя і з еўра.

Паводле стану на суботу, 24 верасня, у Беларусі самы нізкі курс продажу, 7650 рублёў, выставіў “Белзнешэканомбанк”. У Вільні ж кошт складае 7340 рублёў. Улічваючы, што некаторыя беларускія банкі гатовыя набываць долар за 7580 рублёў, розніца дазваляе перакупнікам валюты добра зарабіць. Купленыя ў Літве і прададзеныя ў Беларусі $400 дазваляюць акупіць білеты на цягнік да Вільні ў абодва бакі. Большая сума дае валютніку прыбытак.

“Курс наяўнага долара, выстаўлены на літоўскім рынку, сапраўды выглядае анамальным. Такая разбежка – сведчанне таго, што курс валюты яшчэ не замацаваўся. Раней курс у Вільні адпавядаў беларускаму чорнаму рынку наяўнай валюты. З яго знікненнем літоўскія банкіры не бачаць выразнага арыенціру, – мяркуе аналітык “Forex Club” Андрэй Ніканораў. – Але пры любым аб’ёме наяўнага абмену, для банку гэта дробязь у параўнанні з безнаяўнаю валютаю. Паводле маёй інфармацыі, цяпер беларускія юрыдычныя асобы набываюць долары там за 7600–7800 рублёў. І гэта ўсё адно выгадней, чым у Беларусі. Літоўскія банкі павялічваюць аб’ём купленай і прададзенай валюты. Атрыманая маржа ў любым выпадку прыносіць ім прыбытак”.

belsat.eu

Стужка навінаў