Бензастанцыі працавалі ў страту ўсё лета


Беларускі філіял расейска-брытанскай нафтавай кампаніі ТНК-BP цягам усяго лета вымушана працаваў сабе ў страту. Аўтазаправачныя станцыі прадавалі паліва ніжэй за сабекошт.

Такая сітуацыя нібыта склалася праз тое, што асноўны пастаўляльнік паліва, «Беларуснафта», увёў істотныя абмежаванні для незалежных аператараў. Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта” мае свае станцыі ды ў першую чаргу выконвала іх заяўкі. Зрэшты, прэс-служба кампаніі прэтэнзіі адхіляе: “Мы цалкам выконваем свае забавязальніцтвы ды падтрымліваем аб’ём паставак на належным узроўні. Дэфіцыту паліва ў Беларусі не было і не будзе”.

Тым не менш у выніку “ТНК-ВР Захад” прывозіла паліва з Расеі ды прадавала на беларускіх бензастанцыях за нацыянальную валюту. Зменшыць аб’ёмы кампанія не магла. Паводле інфармацыі расейскіх “Известий”, органы кантролю папярэдзілі кампаніі, якія працуюць на беларускім рынку, што ў выпадку прыпынення продажаў яны могуць пазбавіцца ліцэнзіі.

Штомесяц “ТНК-ВР Захад” рэалізуе каля 10 тысяч тонаў паліва. “Транспартаванне такога аб’ёму паліва магло каштаваць нафтавікам 3–5 мільёнаў долараў за лета”, – падлічваюць эксперты інвестыцыйнай кампаніі “Грандис Капитал”.

belsat.eu

Стужка навінаў