Палестына на шляху да незалежнасці?


Рада Бяспекі ААН 26 верасня мае разгледзець заяўку Палестыны на паўнапраўнае сяброўства ў арганізацыі. Калі заяўку задаволяць, гэта фактычна будзе азначаць прызнанне Палестыны як незалежнай дзяржавы. Злучаныя Штаты ўжо заявілі, што маюць намер накласці вета на магчымае сяброўства Палестыны ў ААН.

Кіраўнік Палестынскай адміністрацыі Махмуд Абас адпаведную заяўку падаў учора. Паводле яе Палестына мае стаць паўнавартасным сябрам ААН у межах 1967 году. “Мэтаю палестынскага народу ёсць рэалізацыя права на стварэнне нацыянальнай дзяржавы са сталіцаю ва Усходнім Іерусаліме на землях Заходняга Берагу і ў сектары Газа”, – заявіў палестынскі лідар. Такая пазіцыя выклікала рэзкі пратэст з боку Ізраілю. Прэм’ер-міністр гэтай краіны Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што палестынцы адмаўляюцца ад перамоваў, якія маглі б урэгуляваць блізкаўсходні канфлікт.

Тым часам жыхары Палестыны выйшлі на вуліцы, вітаючы прамову свайго лідара Махмуда Абаса ў ААН. Ля кантрольна-прапускнога пункту побач вёскі Каляндыя (Qalandiya) адбыліся сутычкі палестынцаў з ізраільскімі жаўнерамі. Моладзь пачала кідаць камянямі ў вайскоўцаў, жаўнеры ўжылі слезацечны газ. Сутычкі працягваліся пяць гадзінаў, некалькі палестынцаў былі параненыя.

belsat.eu

Стужка навінаў