У Магілёве раздавалі ўлёткі без тэксту


Пяць актывістаў кампаніі “Наш дом” выйшлі 23 верасня да прыпынку грамадскага транспарту насупраць Магілёўскага гарвыканкаму з аркушамі паперы фармату А4 жоўтага і салатавага колераў. Ніякай інфармацыі на паперы не было, за выключэннем словаў: “Навошта пісаць, і так усё зразумела”.

Прыкладна 20 хвілінаў маладыя людзі раздавалі аркушы паперы, ідучы па вуліцы Першамайскай, па Камсамольскім скверы, па Зорнай плошчы і вуліцы Ленінскай. Усяго яны раздалі каля 200 аркушаў.

Як паведаміла ўдзельніца флэшмобу Крысціна Шацікава, мэта акцыі – “каб людзі прывыклі, што можна штосьці раздаваць”.

“Як у старым савецкім анекдоце: чалавек раздаваў чыстыя аркушы і, калі яго арыштавалі, сказаў: “Навошта нешта пісаць, і так усё ясна”, – патлумачыла Шацікава. – Увесь час трэба штосьці дарыць людзям, каб яны разумелі, што ёсць месца такім тонкім флэшмобам. Людзі павінны перастаць баяцца”.

Цягам усёй акцыі міліцыянтаў заўважана не было, што выклікала пэўнае засмучэнне яе ўдзельнікаў. “Акцыя прайшла паспяхова, але не зусім так, як мы хацелі. Думалі штосьці падарыць працаўнікам нашай міліцыі, але не было ніводнага”, – адзначыла Шацікава.

belsat.eu

Стужка навінаў