Раман Якаўлеўскі ў «Гарачым каментары»


“Гэта была не пляцоўка для дыялогу, а пляцоўка для амбітных асобаў, якіх выкарыстала ўлада падчас першага раўнду так званага дыялогу”, – гэтак ужо няісную Грамадска-кансультацыйную раду пры Адміністрацыі прэзідэнта ахарактарызаваў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей распусціў Грамадска-кансультацыйную раду. “Каб яе сяброў не абвінавачвалі ў супрацы з уладамі”, – матываваў сваё рашэнне чыноўнік.

У Раду, апроч праўладных экспертаў ды чыноўнікаў, уваходзілі таксама прадстаўнікі незалежнага грамадства. Яна праіснавала два гады – і правяла за гэты час толькі тры паседжанні. Наступнае было запланаванае на 28 верасня і мела быць прысвечанае дыялогу ўнутры краіны паміж рознымі палітычнымі ды грамадскімі сіламі. Мо ўлады расчараваліся ў магчымым дыялогу? Ці Захад даў сігнал, што чакае рэальных перамоваў, а не фікцыі?

“Я ад самага пачатку ставіўся вельмі скептычна да гэтай структуры – дарэчы, як і Лукашэнка. Вось тут я з ім згодны. Але ж у яго адныя матывы, у мяне – іншыя”, – зазначыў Раман Якаўлеўскі.

Ці з’явіцца замест гэтай рады нейкая іншая структура, якую ўлады Беларусі паспрабуюць “прадаць” Захаду? “Макею цяпер цяжка будзе гандляваць, бо пасля падзеяў 19 снежня ён сам трапіў у чорны спіс. Не бачу, пра які патэнцыял Макея можа ісці гаворка ў кантэксце перамоваў з Захадам”, – адказвае наш суразмоўца.

Раман Якаўлеўскі зазначыў, што таемны ліст (пра змест якога дазналася агенцтва “Интерфакс-Запад”) з’явіўся пасля таго, як стала вядома, што традыцыйны Германска-беларускі форум не адбудзецца. “Нагадаю, апошнія гады менавіта Макей адкрываў гэты форум”, – падкрэсліў спадар Якаўлеўскі.

Што да наступнага дыялогу паміж Беларуссю і Захадам, наш эксперт перакананы, што “ЗША не дазволяць Еўразвязу наступіць на старыя граблі. Пра гэта сведчыць пазіцыя самай уплывовай дамы Еўропы – Ангелы Мэркель. Што прызнаў, дарэчы, і Туск, калі пераконваў яе, каб нехта з афіцыйнага Менску паехаў на саміт “Усходняга партнёрства”.

“Менавіта Макей на выдатнай нямецкай мове размаўляў з Берлінам. А Мартынаў, так бы мовіць, пудрыў мазгі на ангельскай мове іншай частцы Захаду. Макея няма ў гэтых стасунках. Мартынаў жа выконвае толькі функцыю паштальёна. Для мінімальных кантактаў патрэбны нехта, хто можа данесці”, – падсумаваў Раман Якаўлеўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў