Лябедзька: Запрашэнне Мартынава ўзгаднілі з апазіцыяй


Міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў атрымаў афіцыйнае запрашэнне на саміт “Усходняга партнёрства”, што мае адбыцца ў Варшаве напрыканцы верасня.

Ідэя запрасіць на сустрэчу кагосьці з беларускіх афіцыйных асобаў была ўспрынятая ў Еўропе неадназначна. Як прызнаваўся прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, найскладаней было пераканаць Берлін пайсці на кантакт з рэжымам. Але ўрэшце і скептыцызм Нямеччыны быў пераадолены.

“Гэта вельмі важная сустрэча, і тое, што там будзе ўздымацца беларускае пытанне, – агульны інтарэс і тых, хто цяпер сядзіць у турмах, і тых, хто прыхільны да пераменаў”, – тлумачыць запрашэнне прадстаўніка ўладаў Анатоль Лябедзька. З ягоных словаў, кандыдатуру Сяргея Мартынава ўзгаднілі з беларускаю апазіцыяй, са спісаў магчымых прэтэндэнтаў на паездку рашуча было выкрасленае прозвішча Аляксандра Лукашэнкі.

Палітык падкрэслівае, што ў гэтым выпадку Сяргею Мартынаву адведзеная роля паштальёна, які мае перадаць афіцыйнаму Менску пасланне саміту.

Пазіцыя ж Еўразвязу ў дачыненні афіцыйнага Менску “ні на коску, ні на паўслова не змянілася”: “Першы крок – вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, другі – правядзенне перамоўнага працэсу паміж уладамі ды апазіцыяй пры магчымым пасярэдніцтве прадстаўнікоў міжнародных структураў у пытанні правядзення свабодных выбараў”, – зазначыў Анатоль Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў