Пацярпелая ў тэракце: Канавалаў не падобны да гада


Пенсіянерка Наталля Курыленка, пацярпелая ад тэракту ў менскім метро, выказала здагадку, што Дзмітрый Канавалаў не здзяйсняў выбуху, а ўзяў віну на сябе.

“Гэты хлопчык не выклікае адчування злога гада. Можа, ён узяў віну на сябе?” – сказала яна.

Пацярпелая паведаміла, што прыйшла ў суд “паглядзець на атрутных гадаў, якія ўсё зладзілі”. “Але я не бачу атрутных гадаў. Лічу, што гэтыя дзеці – прадукт нашага выхавання, прадукт ідэалогіі”, – заявіла яна.

Наталля Курыленка, кажучы пра Канавалава, абурылася: “Дзе былі людзі, сярод якіх ён жыў? Дзе былі бацькі, дзе былі настаўнікі, якія ні дрэннага, ні добрага пра яго не сказалі? <…> Грамадства ад яго адмовілася яшчэ да таго, як ён зрабіў гэтую гадасць. <…> Я гадаў не пабачыла, якім можна было б выставіць прэтэнзіі”.

Дзяржаўныя абвінаваўцы спрабавалі высветліць у пацярпелай, як яна ўяўляе тыповага тэрарыста. “Гэта тэрарыст, які пераследуе нейкія мэты, – адказала Курыленка. – Тэрарыст мусіць быць узлаваным”. На пытанне, чаму не адпавядае вобразу тэрарыста Канавалаў, пацярпелая адказала, што “ў яго не злы твар”.

23 верасня ў судзе ў справе аб тэракце ў менскім метро пасля прагляду відэазапісаў з камераў назірання і допыту шэрагу пацярпелых некаторыя цікавіліся, ці запросяць у суд бацькоў галоўнага абвінавачанага Дзмітрыя Канавалава.

Як паведаміў суддзя Аляксандр Федарцоў, бацькі Канавалава дапытаныя як сведкі ды прыцягваюцца да працэсу ў якасці сведак. Паводле яго, яны з’явяцца ў судзе, аднак “не сёння і не заўтра”.

На ўсіх судовых паседжаннях прысутнічае маці другога абвінавачанага, Уладзіслава Кавалёва. Яна сядзіць у апошнім шэрагу залы побач з чалавекам у цывільным.

belsat.eu

Стужка навінаў