Івашкевіч: Улады перайшлі да «дробных паскудстваў»


Пра падрыхтоўку да Народнага сходу, прызначанага на 8 кастрычніка, распавёў адзін з яго ініцыятараў Віктар Івашкевіч. У Менску прайшла адмысловая прэсавая канферэнцыя.

Івашкевіч асабліва адзначыў, што ўвага ўладаў да арганізатараў і валанцёраў акцыі не слабее. Хоць характар гэтай увагі змяніўся. “Да перазагрузкі дачыненняў [з Еўразвязам] на вачах ва ўсіх тэлекамераў білі палкамі па галаве, а цяпер ідзе перазагрузка – і яны спрабуюць ціхенька паскудзіць і гадзіць”, – заявіў ён.

Пад “дробнымі паскудствамі” Івашкевіч мае на ўвазе ціск на актывістаў ды інцыдэнт з разбітымі вокнамі ў офісе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). (Уначы 23 верасня ў менскім офісе прафсаюзу невядомыя разбілі шкло – у памяшканне заляцелі два камяні, і аблілі чорнаю фарбаю дзверы.)

Карыстаючыся выпадкам, Віктар Івашкевіч звярнуўся да прадстаўнікоў Першага канала Беларускага тэлебачання з просьбаю перадаць ягоную афіцыйную заяву: “Беларускае начальства, не займайцеся дробнымі паскудствамі, прыйдзіце на сход і распавядзіце людзям, як жыць на тыя пенсіі ды заробкі, якія вы ім прызначылі”.

Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч папрасіў прыходзіць на сход без сімволікі, адзначыўшы, што галоўнае на ім – “вырашыць не як жыць сёння грамадскім аб’яднанням, партыям і рухам, а як жыць шараговым грамадзянам нашай краіны”.

Пры гэтым прафсаюзны лідар падкрэсліў, што “калі ўлады прапануюць пакрокавы выхад з гэтага тупіка, у якім сёння апынулася грамадства, калі яны гэта будуць рабіць – і народ будзе бачыць, што гэта робіцца, і гэтак сама цяжка будзе жыць чыноўніку, як жыве шараговы грамадзянін, то будзе маленькі масток даверу паміж уладамі ды народам”. “Калі гэтага не будзе, то гэтыя ўлады мусяць сысці”, – сказаў Фядыніч.

belsat.eu

Стужка навінаў