Саакашвілі ў ААН: Традыцыі халоднай вайны працягваюцца


Выступаючы перад дэлегатамі Генеральнай Асамблеі ААН, Саакашвілі абвінаваціў Расею ў акупацыі 20 % суверэннай тэрыторыі Грузіі, што парушае міжнародныя нормы.

«У гэтыя хвіліны, пакуль я выступаю тут, амаль 500 тысяч бежанцаў і перамешчаных асобаў у маёй краіне пакутуюць з-за таго, што яны пазбаўленыя магчымасці вярнуцца ў свае дамы, хоць гэтае права шматразова пацвярджала ААН. Яны не могуць вярнуцца ў свае дамы, бо замежны лідар у Маскве вырашыў, што іхныя дамы больш ім не належаць», – заявіў Міхэіл Саакашвілі.

Ён дадаў, што халодная вайна скончылася з падзеннем Савецкага Саюзу, але яе традыцыі па-ранейшаму існуюць у вонкавай палітыцы. На думку Саакашвілі, яны праяўляюцца ў выглядзе эмбарга, шантажу і дыктату. «Падумайце пра «каляровыя рэвалюцыі» ва Усходняй Еўропе, асляпляльнае развіццё Азіі, развіццё дэмакратыі ў Афрыцы або пра тое, што Арабская адліга была б немагчымая, калі б Савецкі Саюз працягваў існаваць у якасці магутнага глабальнага гульца і ў якасці глабальнай пагрозы для Афрыкі, Азіі ды Еўропы», – сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў