Рада больш не патрэбная


Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей прыняў рашэнне спыніць працу Грамадска-кансультацыйнай рады.

Як паведаміў адзін з чальцоў Рады, старшыня прэзідыуму Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, чальцы Рады атрымалі адпаведны ліст за подпісам Макея, у якім той паведамляе пра сваё рашэнне спыніць дзейнасць Рады і выказвае экспертам падзяку за іхную працу.

Прычынаю такога рашэння ў лісце названы той факт, што «ўдзельнікі дзейнасці Рады незаслужана шальмуюцца знешнімі і ўнутранымі апанентамі адкрытага дыялогу».

«Хаця я на сабе гэтага не адчуваў», – заўважыў Карагін. Ён таксама зазначыў, што чальцы Рады «як збіраліся, так і будуць збірацца». «У нас склалася актыўная экспертная супольнасць. Што датычыць асабіста мяне, то кантактаванне з гэтымі людзьмі павысіла маю цікавасць да аналізу грамадска-палітычных працэсаў у краіне», – дадаў Карагін.

У сваю чаргу яшчэ адзін чалец Рады, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч, заявіў, што вітае такое рашэнне Макея. «Рада павінна была займацца абмеркаваннем і вырашэннем важных пытанняў унутраных і знешніх справаў дзяржавы, але яна гэтага не рабіла. Таму самае лагічнае было яе распусціць, – сказаў Багданкевіч. – Хаця спасылка на тое, што гэта зроблена з-за абвінавачанняў чальцоў Рады ў супрацы з уладамі, гучыць неяк несур’ёзна. Рада ж стваралася для супрацы».

Грамадска-кансультацыйная рада была створаная на пачатку 2009 г. для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўвання прапановаў для больш актыўнага ўцягвання Беларусі ў агульнасусветныя працэсы, удасканалення кірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў