Бізнесоўцы гатовыя купіць празрыстыя скрыні на выбары


Кампанія “Гавары праўду!” разам з беларускімі прадпрымальнікамі збіраецца абсталяваць выбарчыя ўчасткі празрыстымі скрынямі для галасавання. Як паведамілі ініцыятары акцыі, адна такая скрыня будзе каштаваць прыкладна 60 долараў.

“У Беларусі крыху меней за 6,5 тыс. выбарчых участкаў. Каб забяспечыць іх усе празрыстымі скрынямі, трэба выдаткаваць прыблізна 2,5 млн долараў. Для краіны, дзе шалёныя грошы ідуць на будаўніцтва лядовых палацаў і дзяржаўныя святы, лічба проста смешная. Але ў ЦВК нам заўляюць, што грошай на скрыні няма”, – паведаміў лідар кампаніі “За справядлівыя выбары” Сяргей Калякін.

Як распавёў Уладзімір Някляеў, Цэнтрвыбаркам прапанаваў пералічыць грошы ў пазабюджэтны фонд, і тады “можа быць прынятае рашэнне аб размеркаванні сродкаў паміж камісіямі для набыцця скрыняў для галасавання”, паведамляецца ў лісце з ЦВК.

Каб не рызыкаваць і быць упэўненымі ў тым, што ўчасткі забяспечаць празрыстымі скрынямі менавіта на гэтыя выбары, было вырашана зрабіць скрыні для галасавання самім, патлумачыў Някляеў.

Як распавёў лідар арганізацыйнага камітэту па стварэнні грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў, на ініцыятыву ўжо адгукнуліся прадпрымальнікі ў рэгіёнах – хтосьці ахвяруе грошы, хтосьці прыносіць ужо гатовыя скрыні.

Сталічныя прадстаўнікі малога бізнесу таксама далучаюцца да акцыі, паведамілі ў Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Перспектыва». Гатовыя скрыні будуць дастаўляць наўпрост на выбарчыя ўчасткі. Арганізатары акцыі падкрэсліваюць, што скрыні вырабляюцца ў адпаведнасці са стандартамі, зацверджанымі ЦВК.

“Калі ўчастковыя камісіі будуць адмаўляцца браць скрыні, гэта станецца сігналам, што ўлады зноўку рыхтуюцца фальсіфікаваць вынікі выбараў”, – падкрэсліў Сяргей Калякін.

belsat.eu

Стужка навінаў