Дзе Саннікаў і Дашкевіч?


Беларуская праваахоўная сістэма «згубіла» двух палітвязняў. Прынамсі, ад сваякоў і блізкіх хаваюць месца знаходжання экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча.

Тэлеграму з паведамленнем пра тое, што Андрэя Саннікава пераводзяць з наваполацкай у бабруйскую калонію Ірына Халіп атрымала 21 верасня. Але да месца прызначэння ён пакуль так і не прыбыў. «У Дэпартаменце выканання пакаранняў мне адказваюць, што Андрэй «у дарозе». То бок ужо чацвёрты дзень мой муж знаходзіцца невядома дзе. У ДВП не ведаюць, дзе Андрэй знаходзіцца цяпер і колькі яшчэ яго будуць этапаваць. Маўляў, распрацоўвае маршрут этапавання вязняў чыгунка», – распавяла «Белсату» Ірына Халіп.

Лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча этапавалі з Горацкай калоніі ўвогуле ў невядомым кірунку. Як падкрэсліваюць праваабаронцы, кіраўніцтва калоніі не паведаміла сваякам, куды пераводзяць вязня, чым груба парушыла дзейнае заканадаўства. Як удалося сёння высветліць актывістцы кампаніі «Наш дом» Крысціне Шацікавай, Зміцер Дашкевіч некаторы час прабыў у Магілёўскім СІЗА. Але ўсяго 8–9 гадзінаў, і потым яго этапавалі далей, было гэта тры дні таму. Як паведаміў актывістцы начальнік Магілёўскай турмы № 4, увечары таго ж дня Дашкевіч быў этапаваны ў Віцебскае СІЗА № 2. Аднак дзяжурны віцебскай спецустановы паведаміў, што Змітра Дашкевіча да іх не прывозілі, гаворыць Крысціна Шацікава.

Ірына Халіп ацэньвае гэтую сітуацыю як «здзек з людзей»: «Нам дэманструюць, што чалавека можна скрасці, падзець невядома куды». Сваякі і паплечнікі палітвязняў асцерагаюцца, што да зняволеных могуць ужывацца катаванні.

belsat.eu

Стужка навінаў