За гародніну разлічваюцца… кансерваванаю гароднінаю


Фермеры, якія працуюць у Кобрынскім раёне, сутыкнуліся з пераходам мясцовага кансервавага заводу да бартарнай эканомікі. У прадпрыемства банальна няма грошай, каб закупіць прадукцыю. «Кобрынскі кансервавы завод прапанаваў «альтэрнатыву», – расказвае фермер Пётр Таратута. – Маю прадукцыю яны гатовыя закупляць не за грошы, а за свае кансервы. Людзі ў вёсках смяюцца: здаеш агуркі – атрымліваеш кансерваваныя гуркі!»

На Кобрынскім кансервавым заводзе тлумачаць сітуацыю: «Наша прадпрыемства трэці год блізкае да банкруцтва, дык адкуль мы возьмем грошы? Банкі нам нічога не выдаюць, застаецца выкручвацца, як можам. Хочаце – звяртайцеся да нас, не хочаце – ідзіце ў райпо».

У выніку фермеры, якія не хочуць атрымліваць за сваю працу кансервы, звяртаюцца да пасярэдніка. Мясцовае райпо гатовае закупляць яблыкі, бульбу ды іншую гародніну за грошы, але меншыя, чым на заводзе. «Райпо купляе ў мяне яблыкі па 500 рублёў за кілаграм. Але на рынку ж цэны ў некалькі разоў вышэйшыя! Таму самы выгадны для мяне варыянт – гэта ехаць у Берасце ці Менск і там прадаваць свой тавар, – кажа Пётр Таратута. – Іншае пытанне, што далёка не кожны фермер мае час, каб стаяць днямі за прылаўкам».

belsat.eu

Стужка навінаў