Уладзімір Мацкевіч: Выхад людзей на плошчу – гэта не рэвалюцыя


«Выхад людзей на плошчу – гэта не рэвалюцыя. Рэвалюцыя – гэта змена дзяржаўнага ладу або нейкага эканамічнага. Пакуль гэтага няма, гэта не рэвалюцыя. Вось такое недарэчнае выкарыстанне словаў прыводзіць потым да расчаравання», – упэўнены палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

21 верасня ў Менску пасля двухмесячнага перапынку аднавіліся маўклівыя акцыі пратэсту. Відаць, што пакрысе гэтыя акцыі пачынаюць губляць свой запал. У чым прычына таго, што губляецца цікавасць да «маўклівых пратэстаў»?

«Я не маю ніякіх прэтэнзіяў да лідараў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку». Гэта маладыя людзі, яны робяць усё, што могуць. У мяне ёсць шмат прэтэнзіяў да аналітыкаў, палітолагаў або палітычных лідараў, якія да сённяшняга дня распаўсюджваюць бязглуздзіцу, што Плошча вырашае ўсё, пра народны супраціў, выбух. Калі няма станоўчай прапановы, калі няма за што людзям выходзіць на Плошчу, падтрымліваць тых палітыкаў, якім яны сапраўды давяраюць, то людзі могуць выйсці супраць. Толькі тады гэта будзе мець плён, калі той лідар, якому людзі сапраўды давяраюць, вызначыць, дзеля чаго трэба выходзіць на Плошчу, за што змагацца», – падкрэсліў палітолаг.

Паводле Уладзіміра Мацкевіча, у цяперашняй сітуацыі людзі не схільныя да нейкіх радыкальных дзеянняў. За паўгода людзі прызвычаіліся, прыстасаваліся і нават знайшлі магчымасць перажыць гэтыя цяжкасці: «Цяпер яны разважліва назіраюць за сітуацыяй. Таму ад таго, што складаная сітуацыя, аўтаматычна не паўстае гарачая пратэставая восень. Людзі шукаюць выйсця, як змагацца з такімі часамі, а не імкнуцца рабіць нейкія пратэсты».

«Не трэба спадзявацца, што рэжым станецца лагодны, калі яму нешта паабяцаць. Цяпер да рэжыму павінна выпрацавацца адно сталае меркаванне: гэты рэжым не здольны ні да лібералізацыі, ні да дэмакратызацыі, ён не гнуткі, не разумны. І ў сэнсе акцыяў ён здольны дзеяць паводле абставінаў: калі не было ні масавых акцыяў, ні небяспекі, то яны нікога і не хапалі, але ж падрыхтаваліся. Калі б была падстава, былі б і жорсткія дзеянні», – зазначыў Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў