Прадстаўнік Беларусі вінаваціць ААН у спробе зрынуць урад?


Прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў заявіў, што Беларусь не згодная з высновамі Еўразвязу і Офісу Вярхоўнага камісара ААН у пытанні правоў чалавека, якія змяшчаюцца ў чэрвеньскай рэзалюцыі. Яны паказваюць Беларусь як краіну, дзе ёсць істотныя парушэнні правоў чалавека. Як сцвярджае Хвастоў, «рэзалюцыя па Беларусі не мае нічога агульнага з рэальнаю сітуацыяй у краіне і была створаная з мэтаю звяржэння беларускага ўраду».

Гаворка вядзецца пра рэзалюцыю, прынятую 17 чэрвеня на 17-й сесіі Рады правоў чалавека ААН, у якой асуджаюцца дзеянні ўладаў Беларусі «для дэстабілізацыі сітуацыі з правамі чалавека» цягам апошніх шасці месяцаў. Праект рэзалюцыі, прапанаваны дэлегацыяй Еўразвязу, падтрымалі Канада, Нарвегія, ЗША, Швейцарыя, Паўднёвая Карэя, Японія і большасць лацінаамерыканскіх краінаў у Радзе, а таксама дэлегацыі Габону, Замбіі, Іярданіі, Маўрыкію, Мальдыўскіх Астравоў і Уругваю. Супраць прыняцця рэзалюцыі ў дачыненні Беларусі прагаласавалі Кітай, Куба, Расея, Нігерыя і Эквадор.

22 верасня Хвастоў падчас дэбатаў у рамках 18-й сесіі Рады правоў чалавека ААН выступіў з заяваю, згодна з якой улады Беларусі рэкамендуюць Еўразвязу не ўмешвацца ў палітычную барацьбу ў іншых краінах. Хвастоў таксама падкрэсліў: улады Беларусі будуць дамагацца таго, каб пытанне пра сітуацыю ў Беларусі было знятае з парадку дня Рады ААН. Паводле яго, нездаволенасць прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ёсць умяшаннем ва ўнутраныя справы краіны, а абмеркаванне беларускага пытання паказала «ўсе дэфекты» Рады правоў чалавека.

У сваю чаргу прадстаўніца Офісу Вярхоўнага камісара ААН у пытаннях правоў чалавека Кхёнг-ўа Кханг у ходзе дэбатаў адзначыла, што яна абнадзееная заявамі беларускага боку пра гатоўнасць працягваць супрацу з Офісам Вярхоўнага камісара. Разам з тым, падкрэсліла яна, у звязку з рэкамендацыямі, зробленымі ў дакладзе, Беларусь мае прадэманстраваць рэальныя крокі ў пераглядзе заканадаўства, каб прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Прадстаўнікі краінаў Еўразвязу выказалі сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, наяўнасцю ў краіне палітвязняў. Акрамя таго, яны выказалі занепакоенасць сітуацыяй з арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

belsat.eu

Стужка навінаў