Волчак: Следства праводзілася аднабока, з парушэннем заканадаўства


Праваабаронца і былы следчы Генеральнай пракуратуры Алег Волчак звяртае ўвагу на шэраг парушэнняў, дапушчаных падчас расследавання выбуху ў метро.

«На чацвёрты дзень, калі мы пабачылі відэа, дзе кіраўнік следчай групы Швед дапытвае чалавека, бачна, што ён збіты, хворы, яго ванітуе. Забойца ён ці не забойца, ён чалавек, і суд вызначае ягоную адказнасць. Вось гэты момант, што яму не далі адпачынку, не далі медычнай дапамогі, не высветлілі, адкуль у яго пабоі, можа стаць прычынаю таму, што шмат хто цяпер задумаецца – ці Канавалаў гэтыя злачынствы здзяйсняў?» – заявіў праваабаронца Алег Волчак.

Акрамя таго, на думку былога следчага, у судзе пакуль не прагучалі пераканаўчыя доказы таго, што тэракт здзейсніў менавіта Дзмітрый Канавалаў. «Усё пабудавана на паказаннях Канавалава і Кавалёва, і мы бачым, што Кавалёў адмовіўся ад паказанняў. Нас не здзіўляе ягоная заява пра псіхалагічны ціск. Пра катаванні мы чуем апошнія тры гады ад палітзняволеных», – патлумачыў Алег Волчак.

Праваабаронца звяртае ўвагу і на нетыповыя паводзіны галоўнага абвінавачанага ў судзе. «У маёй практыцы было каля 50 забойцаў, але я ў першыню бачу, каб чалавек проста сядзеў: не адказвае, не бароніцца», – зазначыў Алег Волчак.

Пры гэтым эксперт упэўнены, што вынік судовага працэсу ўжо вядомы. «Вырак усё роўна будзе абвінаваўчы. Мы гэта праходзілі па справах Аўтуховіча, Саннікава, Някляева, калі не было пэўных доказаў. Тут таксама будзе абвінаваўчы вырак. Бо калі апраўдаюць – гэта будзе фіяска ўсёй улады», – падкрэсліў Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў