У Польшчу – за 20 еўраў


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на паседжанні 11 лістапада ратыфікавалі пагадненне з Польшчай аб правілах руху жыхароў памежжа.

Як паведаміў намеснік міністра замежных справаў Валерый Варанецкі, дакумент падпісалі ў Варшаве 12 лютага 2010 г. для стварэння прававой асновы рэгулявання пытанняў, звязаных са спрашчэннем парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамі памежных тэрыторыяў Беларусі ды Польшчы. У адпаведнасці з дамоваю памежжам лічыцца тэрыторыя, адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі якой уваходзяць у 30-кіламетровую зону ад мяжы.

Спрошчаны парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы будзе даступны жыхарам памежжа, якія маюць дакументальнае пацверджанне, што яны стала жывуць на памежнай тэрыторыі не менш як тры гады незалежна ад грамадзянства.

Дазвол на спрошчанае перасячэнне мяжы дае права знаходзіцца на памежнай тэрыторыі дзяржавы іншага боку не больш як 30 дзён кожны раз з дня перасячэння мяжы, але ўвогуле не больш як 90 дзён цягам кожных шасці месяцаў.

Дамова пастанаўляе, што памер збору за прыняцце і разгляд заявы аб выдачы дазволу складае 20 еўраў.

На думку Варанецкага, ратыфікацыя дамовы “будзе спрыяць развіццю беларуска-польскіх адносінаў, умацаванню гаспадарчых, культурных і сваяцкіх сувязяў паміж беларускім і польскім народамі”.

Як паведаміў намеснік міністра, рэалізацыя палажэнняў пагаднення можа пачацца ў красавіку 2011 г.

Стужка навінаў