Карупцыі няма, не было – і нават не будзе


Гэтак лічыць Жанна Грыневіч, намесніца старшыні кіраўніцтва прававой і кадравай працы Дзяржаўнага камітэту маёмасці Рэспублікі Беларусь.

На канферэнцыі ў прэсавым цэнтры газеты “Аргументы и факты”, што была прысвечаная прыцягненню замежнага менеджменту ў Беларусь, эканамічны аглядальнік Яўген Прэйгерман агучыў асноўныя, паводле яго, прычыны сціплых замежных інвестыцыяў у нашую краіну.

“За апошнія гады ўсе планы, ураду і прэзідэнта, у галіне прыватызацыі рэалізоўваюцца слаба. Апошні план быў выкананы на 5 %. Галоўная прычына – капіяванне досведу краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З-за структурных супярэчнасцяў у гэтай сістэме, якая прывыкла працаваць гэтак, як яна працавала, немагчыма адным указам прымусіць яе працаваць інакш. Тут далучаецца карупцыйны складнік: як бы нам ні было непрыемна гэта прызнаваць, кіраўнікі на месцах часта шукаюць у магчымасцях прыватызацыйных працэсаў нейкую асабістую выгаду. Або баяцца штосьці рабіць з боязі, што іхнае становішча пагоршыцца”, – мяркуе Яўген Прэйгерман.

Спадарыня Грыневіч не згаджаецца з экспертам. Паводле яе, карупцыйнага складніка няма “праз адсутнасць пэўнага інтарэсу” да Рэспублікі Беларусь і яе прадпрыемстваў з боку замежных інвестараў. То бок – гэта не інвестараў няма, бо існуе карупцыя, а карупцыі няма, бо няма інвестараў.

У сваю чаргу Юлія Мядзведзева, старшыня кіраўніцтва паляпшэння арганізацыйных формаў кіравання Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, адзначыла, што шматлікія беларускія прадпрыемствы патрабуюць замежных кіраўнікоў. Аднак грошай на гэта няма.

belsat.eu

Стужка навінаў