Мірзаянаў і Васілевіч: Мы не пачуваемся ў бяспецы


Былыя палітвязні збіраюцца з’ехаць з Беларусі, каб працягнуць навучанне за мяжою, і абяцаюць вярнуцца, калі ў краіне зменіцца палітычная сітуацыя.

Фёдар Мірзаянаў ды Ілля Васілевіч гавораць, што пасля вызвалення не адчуваюць сябе ў бяспецы. “Тыя людзі, што садзілі мяне ў турму, засталіся на пасадах, атрымалі падвышэнне ў званнях, і няма ніякай надзеі, што яны адкажуць за свае злачынствы”, – зазначыў Фёдар Мірзаянаў. Ілля Васілевіч гаворыць, што іхнае вызваленне – гэта псеўдасвабода, бо ў любы момант могуць скласці адміністратыўныя пратаколы ды накіраваць пад прэвентыўны нагляд. “Пасадзіць чалавека ў Беларусі ў турму вельмі проста”, – дадаў юнак.

Перарываць сувязі з радзімаю хлопцы не збіраюцца і будуць надалей займацца палітычнаю дзейнасцю. “Калі мы апынемся ў бяспецы, то зробім агульнавядомымі факты рэпрэсіяў супраць палітзняволеных”, – сказаў Ілля Васілевіч. Ён гаворыць, што ціск на “палітычных” ідзе няспынна. І прывёў як прыклад Дзмітрыя Вуса, якога прымушаюць працаваць, нягледзячы на атрыманую інваліднасць, тады як большасць нават цалкам здаровых сядзельцаў увогуле не працуе.

Дарэчы, як паведаміла “Белсату” Яўгенія Вус, у панядзелак, 19 верасня, меў адбыцца разгляд нагляднай скаргі на прысуд ейнаму мужу. Аднак паседжанне адклалі на месяц. Як патлумачылі адвакатам Дзмітрыя Вуса, суддзя цяпер у адпачынку, а ягонаму намесніку не хапіла часу азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў выйшлі на волю 14 верасня – у гэты дзень з увагі на “прынцыпы гуманізму” прэзідэнт падпісаў указ аб памілаванні адзінаццаці “дзекабрыстаў”. За падзеі на Плошчы хлопцы былі асуджаныя на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны. Ілля Васілевіч адбываў пакаранне ў Магілёве, Фёдар Мірзаянаў – у Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”.

belsat.eu

Стужка навінаў