Маці асуджанага анархіста: Я малілася, каб сына не закапалі


Сваякі асуджаных у справе анархістаў сцвярджаюць, што іхныя дзеці таксама палітвязні.

Гэтую пазіцыю падзяляюць і ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. “У СІЗА КДБ я працяглы час быў у адной камеры з Ігарам Аліневічам, шмат размаўляў з ім і магу з упэўненасцю сцвярджаць, што гэтая справа таксама была сфабрыкаваная – як і справы ўдзельнікаў Плошчы. Тут толькі будынкі фігуруюць розныя – у адным выпадку Дом ураду, а ў другім Генштаб”, – гаворыць палітык. Паводле яго, гэтую пазіцыю ён агучыў падчас візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі ды знайшоў там паразуменне.

Маці асуджанага ў справе анархістаў Ігара Аліневіча спадарыня Валянціна пэўная, што ейнага сына пасадзілі за тое, што ён кінуў выклік уладам. Жанчына нагадала, што Ігар быў фактычна выкрадзены ў Маскве прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў: “Калі сябар Ігара паведаміў у інтэрнэце, што Ігара звезлі невядомыя, я адразу прыгадала Ганчара, Завадскага, Захаранку… Я малілася толькі пра тое, каб майго сына не закапалі недзе па дарозе Масква – Менск”. Дарэчы, пазней у пратаколе міліцыянты запісалі, што Ігар Аліневіч быў затрыманы на тэрыторыі Беларусі.

Валянціна Аліневіч кажа, што ўжо месяц не мае ніякіх вестак ад сына, яму не дазваляюць тэлефанаваць дадому, адмовілі ў доўгатэрміновым спатканні: “Раней з ім у калоніі былі Мікіта Ліхавід, Андрэй Саннікаў, Алесь Кіркевіч. Часам ім даводзілася сустракацца, і хоць гэткім чынам я атрымлівала нейкія звесткі. Цяпер Ігар застаўся ў калоніі адзін, і я вельмі непакоюся за ягоны лёс”. Паводле яе, Ігара Аліневіча неаднаразова збівалі ў СІЗА КДБ, ціснуць на яго і ў калоніі. “Але ён мужны і моцны чалавек. Яго б’юць, прэсінгуюць, але ён трымаецца. Я ганаруся, што выхавала сапраўднага мужчыну”, – гаворыць Валянціна Аліневіч.

Аляксандр Дзядок, бацька яшчэ аднаго асуджанага анархіста, гаворыць, што ў калоніях зняволеных прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні: “Не ведаю, выпадкова ці не, але як толькі мой сын Мікалай адмовіўся гэта рабіць, яго адразу ж пакаралі – нібыта за тое, што ён трымаў рукі ў кішэнях”. Аляксандр Дзядок таксама ўпэўнены, што справа анархістаў была сфабрыкаваная дзеля вырашэння палітычных задачаў ды ізаляцыі неабыякавых людзей. “Нашыя дзеці адкрыта выступілі супраць уладаў і справядліва могуць лічыцца палітзняволенымі”, – дадаў ён.

Як заявіў журналістам Анатоль Лябедзька, яны гатовыя правесці круглы стол з удзелам апазіцыйных палітыкаў і праваабаронцаў, каб дасягнуць адзінства ў гэтым пытанні.

Нагадаем, летась 27 траўня ў справе анархістаў у Менску былі асуджаныя пяцёра чалавек. Трое з іх атрымалі рэальныя тэрміны зняволення: Ігара Аліневіча асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Дзядок атрымаў 4 з паловаю гады, Аляксандр Францкевіч – 3 гады. Іх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу нападаў на будынкі ды падпалах.

У Бабруйску за спробу падпалу мясцовага КДБ былі асуджаныя прыхільнікі анархісцкіх ідэяў Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамолатаў. Усе трое атрымалі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны.

belsat.eu

Стужка навінаў