Антон Балточка: Могуць з'явіцца два курсы, кіраваныя Нацбанкам


«Нацыянальны банк усё-ткі ўплывае на рынак, але ўплывае ён сваім спецыфічным адміністрацыйным рэсурсам, які, на жаль, на цяперашні момант экспертам не даступны», – заўважае эканаміст Антон Балточка.

Напярэдадні намеснік старшыні праўлення Нацбанку Беларусі Тарас Надольны заявіў, што Нацыянальны банк мае намер рухаць адзіны курс у бок афіцыйнага. Улады плануюць выйсці на адзіны курс рубля ў трэцяй дэкадзе кастрычніка.

Эканаміст назваў тры фактары, якія зніжаюць курс валюты: «Першае – гэта Нацбанк. Другое – гэта экспарцёры і іх спроба здаць валюту дзеля выплаты падаткаў. Трэцяе – гэта чакальная пазіцыя экспарцёраў па куплі валюты з біржы – попыт».

Паводле Антона Балточкі, эканамічных фактараў для таго, каб зблізіць два курсы, няма, але, відавочна, гэта зробяць, зыходзячы з адміністрацыйнага рэсурсу: «Пры гэтым мы атрымаем практычна два курсы, кіраваныя Нацбанкам. Потым з’явіцца які-небудзь трэці курс, дапусцім, на Prokopovi.ch, і ён будзе яшчэ адным курсам, але больш рэальным».

Эканаміст упэўнены, што курс валюты будзе падаць на дадатковай сесіі, будзе крыху падымацца на асноўнай, тым самым выконваючы загад Аляксандра Лукашэнкі пра збліжэнне двух курсаў.

«Усё залежыць ад эмісійнай палітыкі ўраду: калі яны пачнуць і працягнуць укідваць у эканоміку вялікія сумы беларускіх рублёў, усё-ткі спрацуе спружына інфляцыі і зноў пачнецца ажыятаж з валютаю, гэта значыць, курс паднімецца да 10 тысяч беларускіх рублёў да канца года», – заявіў Балточка.

belsat.eu

Стужка навінаў