Бацька пацярпелай у тэракце – «асабліва цынічны хуліган»


Аляксандр Круты, бацька і прадстаўнік адной з пацярпелых у тэракце ў менскім метро, абвінавачваецца ў хуліганстве «з асаблівым цынізмам».

22 верасня ў судзе паводле справы аб тэрактах у Менску першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб затрыманні. У ёй сказана, што Аляксандр Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медычных установаў Менску, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачою на галоўнага ўрача» гэтай установы.

На гэтай падставе ў дачыненні Крутога пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 339 КК («Хуліганства»).

Нагадаем, Аляксандр Круты актыўна выступаў у судовым працэсе паводле справы аб тэракце ў метро, выбухах у Менску ў 2008 г. і ў Віцебску ў 2005 г. Яго затрымалі ўвечары 20 верасня. Менавіта яму належала хадайніцтва аб пераносе суда да вырашэння пытання пра адмену ў Беларусі смяротнага пакарання, стварэння інстытуту прысяжных засядацеляў і ўвядзення іх у працэс. Пазней Крутога адправілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі).

Пасля затрымання бацькі Інэса Крутая 21 верасня звярнулася да суддзі з заяваю, у якой патрабавала прыпыніць працэс да таго моманту, пакуль яе бацька не будзе зноў дапушчаны ў суд у якасці яе прадстаўніка. Аднак суддзя Аляксандр Федарцоў адмовіўся прыняць заяву, спаслаўшыся на тое, што магчымасць падачы хадайніцтваў з’явіцца на пэўнай стадыі судовага працэсу.

Тым часам Інэса Крутая і яе бацькі папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Дакументы ў амбасаду ФРГ у Менску Аляксандр Круты аднёс каля двух тыдняў таму. Палітычнага прытулку просяць у нямецкіх уладаў сама Інэса, яе бацька і маці-інвалід.

belsat.eu

Стужка навінаў