У Беларусі змагаюцца з тымі, хто атрымлівае прыбытак інтэрнэт-грошамі


Каб далей прымаць “электронныя грошы”, трэба зэрагістравацца прадпрымальнікам.

Тыя, хто меў прыбытак у беларускіх інтэрнэт-рублях (WMB), мог разлічвацца імі ў электронных крамах альбо абменьваць у віртуальных сервісах на іншую інтэрнэт-валюту.

Паводле беларускага заканадаўства, прымаць плацяжы ў WMB могуць толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія заключылі з “Тэхнабанкам” дамовы на разлікова-касавае абслугоўванне. Фізічныя асобы, каб атрымаць такі перавод, павінны зарэгістравацца ў якасці ІП і адкрыць разліковы рахунак у адным з беларускіх банкаў.

Таму днямі, “Тэхнабанк”, які з’яўляецца ў Беларусі гарантам выкарыстання інтэрнэт-грошай, заблакаваў віртуальныя гаманцы з WMB. “Пад раздачу” трапілі і многія расейцы. Прычым ім заблакавалі не толькі гаманцы, у якіх знаходзіліся электронныя беларускія рублі, але і іншыя.

У аддзеле электронных грошай “Тэхнабанка” патлумачылі: “Мы дзейнічаем у межах беларускага закону. Кожны, хто заводзіў інтэрнэт-гаманец WMB, падпісваў дамову, у якой пра гэта гаварылася. Мы рассылалі неаднаразовыя папярэджанні, магчыма, хвалю абурэння ў інтэрнэце падняў менавіта такі папярэджаны, які не адрэагаваў на нашую настойлівую просьбу”.

Але чаму “Тэхнабанк” пачаў дбаць аб выкананні заканадаўства менавіта зараз? Некаторыя звязваюць сітуацыю з прэзідэнцкай кампаніяй у Беларусі. На інтэрнэт-сайтах некаторых апазіцыйных кандыдатаў, напрыклад, Віталя Рымашэўскага і Алеся Міхалевіча, змешчаны каардынаты інтэрнэт-гаманцоў, куды можна пералічваць ахвяраванні.

belsat.eu

Стужка навінаў