Анатоль Лябедзька паважае рашэнне Яраслава Раманчука


Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, экс-кандыдат на прэзідэнта Яраслаў Раманчук напісаў заяву пра выхад з партыі.

«Я паважаю рашэнне Яраслава Раманчука і лічу, што як эканаміст ён прынясе шмат карысці свабоднай Беларусі», – заявіў сёння Анатоль Лябедзька падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай беларускім палітвязням. Кіраўнік АГП патлумачыў: сваю пазіцыю Яраслаў Раманчук абгрунтаваў тым, што хоча засяродзіцца на працы ў экспертнай супольнасці.

Паводле Анатоля Лябедзькі, Яраслаў Раманчук напісаў дзве заявы – пра складанне з сябе паўнамоцтваў намесніка старшыні і пра выхад з партыі. «Рашэнне будзе прымаць Палітычная рада партыі», – дадаў Лябедзька. Атрымаць каментар ад Яраслава Раманчука не атрымалася – ягоны мабільны тэлефон адключаны.

Як паведамілі ў АГП, намеснікам старшыні Яраслава Раманчука абралі ў красавіку 2000 г. У ягоныя абавязкі ўваходзілі сфера міжнародных адносінаў, эканамічныя праграмы і стратэгія развіцця. Летась на прэзідэнцкіх выбарах Яраслаў Раманчук быў вылучаны кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 20 снежня, на наступны дзень пасля разгону акцыі пратэсту, Яраслаў Раманчук агучыў заяву, у якой асудзіў паводзіны некаторых кандыдатаў на прэзідэнта, да таго часу ўжо затрыманых спецслужбамі. Як ён патлумачыў пазней, на гэты крок яго вымусілі пайсці пагрозы фізічнай расправы над затрыманымі апазіцыйнымі дзеячамі.

belsat.eu

Стужка навінаў