Яшчэ не саспелі гронкі гневу. Што будзе з маўклівымі пратэстамі?


Пра тое, чаму на акцыі маўклівага пратэсту прыходзіць меней людзей, разважае палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Маўклівыя акцыі ў першапачатковым выглядзе былі незавершаныя ў ідэйным плане. Была незвычайная форма і яна дамінавала, а дзеля чаго выходзілі людзі – не зразумела. Хутчэй, яны дражнілі ўлады, але, як паказвае досвед вызвалення палітвязняў, на ўлады трэба ціснуць, а каб ціснуць, трэба выразна артыкуляваць патрабаванні, лозунгі», – мяркуе эксперт.

На думку аналітыка, існуюць дзве процілеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, пагаршаецца сацыяльна-эканамічная сітуацыя, і глеба для такіх вулічных пратэстаў робіцца больш спрыяльнаю. З іншага – улада ўжо адпрацавала свой рэпрэсіўны арсенал. «Цяпер такая фаза, што беларусы заклапочаныя самавыжываннем: яны думаюць, як перафарматаваць бюджэт, як зрабіць на зіму прыпасы. Яшчэ не тая сітуацыя, калі выбух гневу», – заўважае Класкоўскі.

У гэтую сераду, 21 верасня, аднавілі сваю працу сеткавыя рэвалюцыянеры. Некалькі сотняў людзей сабраліся ў цэнтры сталіцы – і няшмат у рэгіёнах. Падобныя акцыі праводзіліся ў краіне з 8 чэрвеня да 27 ліпеня штосераду на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў. Першыя былі шматлюдныя, затым актыўнасць удзельнікаў пайшла на спад.

Аднак ёсць і спрыяльны чыннік: улады зноў спрабуюць заляцацца да Еўропы. Учорашняя акцыя прайшла без затрыманняў. «Пытанне толькі ў тым, ці здолеюць арганізатары гэтым кантэкстам скарыстацца», – мяркуе Класкоўскі.

Ён таксама дадаў: «Страчаны эфект навізны. Улетку гэта было нечакана, гэта быў такі выбух крэатыву, і ва ўладаў спачатку «паехаў дах», яны не зарыентаваліся. Але двойчы ў адную і тую ж раку нельга ўвайсці». Аднак, хоць і без ідэйнага зместу, акцыі могуць даць эфект, калі ў грамадстве «саспеюць гронкі гневу». Сёння гэтага пакуль няма, кажа палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў