Суд у справе тэракту. Дзень шосты


На працэсе зачытвалі пратаколы допытаў папярэдняга расследавання і пачалі апытваць пацярпелых ад выбуху ў менскім метро.

Як паведамляе «БелТА», паводле пратаколу аднаго з допытаў, Дзмітрый Канавалаў пазнаў сябе на здымках з камераў відэаназірання менскага метро да і пасля выбуху. На некаторых быў і Кавалёў. Апошнія здымкі адносяцца да 10 красавіка.

Таксама стала вядома, што на стадыі папярэдняга расследавання знаёмая Канавалава распавядала, што той пастаянна маляваў фашысцкія крыжы, у тым ліку і на сценах сутарэння, дзе рыхтаваў выбухоўку.

Канавалаў сказаў на допыце: «Я ніколі не маляваў фашысцкіх крыжоў». Ён таксама зазначыў, што дзяўчына ніколі не бывала ў сутарэнні, паказанні наконт якога, як сведчаць пратаколы допытаў, ён мяняў некалькі разоў. Спачатку казаў, што яго знаёмыя не бывалі ў гэтым памяшканні, потым – што бывалі. Паводле Канавалава, ён гэта рабіў для таго, каб таварышы не былі замяшаныя ў крымінальную справу.

20 верасня Дзмітрый Канавалаў адмовіўся даваць паказанні, і суд вырашыў агучыць пратаколы допытаў, праведзеных падчас папярэдняга расследавання. Таксама былі паказаныя відэазапісы некаторых допытаў. Чакаецца, што сёння, калі чытанне пратаколаў скончыцца, пачнуць апытваць пацярпелых ад выбуху 11 красавіка.

Суд паводле справы аб тэракце ў менскім метро пачаўся 15 верасня ў сталічным Доме правасуддзя. На лаве падсудных – Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Першы абвінавачваецца паводле больш як 30 эпізодаў, другі – паводле 15 эпізодаў. Самая цяжкая частка абвінавачванні – арт. 289 «Тэрарызм», паводле якога Канавалаву за ўчыненне тэрактаў пагражае смяротнае пакаранне, а Кавалёву за суўдзел – пажыццёвае зняволенне.

belsat.eu

Стужка навінаў