Расейскі блогер: Чыноўнікі ўжо раіліся, дзе ў метро паставіць датчык


Расследаванне візіту расейскіх блогераў яшчэ не скончана. Але на доме насупраць КДБ ўсталявалі камеру відэаназірання.

Ахвочых прайсці па Менску шляхам расейскага блогера Віталя Раскалава, чакаюць новыя складанасці. У будынак з вежай, які знаходзіцца насупраць КДБ, цяпер незаўважна не праслізнеш. Там усталявалі камеры відэаназірання.

7 верасня расейскія блогеры выклалі ў інтэрнэт здымкі, зробленыя падчас наведвання Менску. Яны здолелі прабрацца ў многія закрытыя аб’екты, у тым ліку і будуемыя станцыі метро. Начавалі ж госці сталіцы менавіта ў доме з вежай насупраць будынку КДБ.

Расследванне не скончана. Тым часам старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька, каментуючы сітуацыю, наракаў не на расхлябанасць праваахоўнікаў, а на несумленнасць блогераў: “Некаторыя са здымкаў былі зроблены не надта законна. Нашы госці, прабраўшыся ў будынак насупраць КДБ, спачатку зламалі дзверы ў пад’ездзе, а пасля зрэзалі замок на гарышча”.

Блогер Віталь Раскалаў абвяргае абвіначванні з боку Ладуцькі. Па яго словах, ён з сябрамі не зламаў ніводнага замка ці вакна. Да яго ўжо звярталіся прадстаўнікі беларускай улады. “Чыноўнік адміністрацыі прэзідэнта раіўся, дзе ў метро лепш паставіць датчыкі руху”, – празнаецца Віталь.

belsat.eu

Стужка навінаў